Новости
Прызы атрымалі ўсе ўдзельнікі: рэпартаж з закрыцця выставы дзіцячых малюнкаў
главное
832 дня(-ей) назад
2
4

У мастацкай галерэі Сяргея Давідовіча 15 студзеня прайшла ўрачыстая цырымонія закрыцця выставы работ вучняў Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў.

Экспазіцыя на тэму «Мир, в котором я живу…» дзейнічала тут з 1 снежня і была прадстаўлена 43 карцінамі. За кожную работу можна было прагаласаваць на працягу ўсяго тэрміну працы выставы. Наведвальнікі пакінулі ў спецыяльнай скарбонцы 336 галасоў, якія дапамаглі вызначыць траіх пераможцаў. Усе яны аказаліся вучнямі Вікторыі Андрушынай.

Дыплом ІІІ ступені атрымала Леаніда Ярмак, ІІ – Лізавета Сяргеенка, І – Аляксей Селях, які шмат каго захапіў сваім нацюрмортам з кедамі.

Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы, салодкія падарункі і мастацкія альбомы Віктара Лагоўскага.

Мастак прысутнічаў і на адкрыцці, і на закрыцці выставы і ўручыў свой прыз аўтару карціны, якая яму найбольш спадабалася, – Маргарыце Бурштыка.

Аналагічныя прызы атрымалі Лізавета Сяргеенка, Ганна Кухарская, Дар’я Долгая, работы якіх прыйшліся даспадобы кіраўнікам устаноў культуры райцэнтра Святлане Гамеза,  Наталлі Мяхедка, Кацярыне Мароз.

Аўтар шыкоўнага баціка Дар’я Самковіч, работу якой выбралі прадстаўнікі нашай рэдакцыі, стане гераіняй артыкула ў адным з бліжэйшых нумароў газеты «Родны край».

На цырымоніі закрыцця былі ўручаны таксама дыпломы за ўдзел у Пленэрным марафоне «Культурное наследие», Усерасійскім конкурсе дзіцячага малюнка «Леанарда», інтэрнэт-праекце «Покори вершину» (сезон «Восень-2021»), дыпламантамі якога сталі Ксенія Янкоўская і Крысціна Арлоўская (ІІ ступень), лаўрэатамі Міхаіл Труханавец (ІІ ступень) і Павел Насевіч (ІІІ ступень).

За падрыхтоўку вучняў настаўніца Алена Змачынская была адзначана падзякай.

– Назіраючы за тым, колькі дзяцей атрымалі сёння памятныя прызы, хачу павіншаваць вас усіх без выключэння, – звярнулася да прысутных дырэктар Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў Вольга Чумак. – Таму што вы ўсе сёння пераможцы, усе работы, прадстаўленыя на выставе, найлепшыя. Вызначаць сярод іх прызёраў нашым гасцям было вельмі складана. Хочацца, каб у наступным годзе мы зноў сустрэлі Міжнародны дзень мастака на адкрыцці падобнай выставы.

Вольга Віктараўна падзякавала ўсім удзельнікам урачыстай цырымоніі і ўручыла падзяку гаспадыні галерэі Валянціне Кезік, якая гасцінна сустракала наведвальнікаў, праводзіла квэсты і спрыяла папулярызацыі выставы.

Алена Масцерава.