Новости
На стары Новы год былі падведзены вынікі дзейнасці культурнай галіны раёна
главное
804 дня(-ей) назад
2
4

Вынікі работы за 2021 год у сферы культуры Лагойскага раёна былі падведзены 14 студзеня. На стары Новы год людзі, якія дораць нам свята, сабраліся ў Лагойскім РЦК, каб не толькі паказаць свае творчыя набыткі, але і атрымаць заслужаныя падарункі.

Напачатку з творчымі справаздачамі выступілі ўстановы культуры.

Жывой музыкай парадавалі гледачоў калектыў «Маэстра» і народны ансамбль «Лагожа» Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў.

Настаўніца Іна Сарока прадставіла ўвазе публікі змястоўную відэапрэзентацыю, прысвечаную дзейнасці гэтай установы.

Відэасправаздача Плешчаніцкай дзіцячай школы мастацтваў таксама была дапоўнена творчым нумарам – харэаграфічнай кампазіцыяй у выкананні вучаніц школы.

Ад Плешчаніцкага 2-га раённага цэнтра культуры выступіла з лірычнай песняй Віялета Пруднічэнка. Падчас яе спеву ў зале знікла электрычнасць, і публіка шчыра падтрымала артыстку гучнымі апладысментамі.

Святло хутка з’явілася, і на экране трансляваліся наступныя справаздачы, сярод якіх самай вясёлай і арыгінальнай атрымалася прэзентацыя Лагойскага РЦК.  

Ярка прагучала народная песня ў выкананні дуэта – загадчыка Чудзеніцкага сельскага клуба Анастасіі Святлічнай і яе калегі Юліі Белай, якая літаральна на днях узначаліла Астрошыцкі сельскі клуб.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Сяліцкая, выступаючы з віншавальным словам, адзначыла высокі прафесіяналізм спецыялістаў, дзякуючы якім галіна культуры раёна не толькі паспяхова справілася з усімі цяжкасцямі мінулага года, але і выканала план на 125 %. А Мятлічыцкі сельскі клуб справіўся з неабходнымі паказчыкамі на 150 %!

Алена Анатольеўна ўручыла Ганаровыя граматы кіраўнікам устаноў культуры: Святлане Гамеза (гісторыка-краязнаўчы музей імя Тышкевічаў), Наталлі Мяхедка (раённая цэнтральная бібліятэка), Яўгену Зубу і Наталлі Гушчынай (Лагойскі РЦК), Вользе Чумак (Лагойская ДШМ), Кацярыне Мароз (Дом рамёстваў), Алене Чэрнікавай (Плешчаніцкая ДШМ), Вользе Паплёўка (Плешчаніцкі РЦК).

– Я ўпершыню на мерапрыемстве такога фармату, і мне тут вельмі спадабалася. Лічу, што такія падзеі павінны праходзіць з удзелам сяброў і гасцей,  – адзначыў старшыня Лагойскага райвыканкама Аляксандр Ласевіч. Ён падзякаваў работнікам культуры за тое, што ў любых абставінах яны апантана працуюць для публікі, нясуць радасць і святло творчасці землякам, і пажадаў ім новых здзяйсненняў і натхнення.

Да віншавання кіраўніка раёна і найлепшых пажаданняў далучылася і яго намеснік па сацыяльнай сферы Анжэла Раемская.

А затым прыйшла чарга каштоўных падарункаў, якія атрымалі практычна ўсе ўстановы культуры раёна.

Аляксандр Ласевіч уручыў кіраўнікам сертыфікаты на гукавую і светлавую апаратуру, аргтэхніку і нават на новыя ацяпляльныя катлы, якія ўстановяць у Крайскім і Швабскім клубах. Студыя «Млечны шлях» пад кіраўніцтвам Дар’і Зуб атрымала грашовы падарунак на суму 5 тысяч рублёў, якія пойдуць на новыя касцюмы.

Але самым урачыстым момантам свята стала ўручэнне ключоў ад аўтамабіля для аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

Алена Сяліцкая, атрымліваючы іх ад старшыні райвыканкама, падзякавала яму за адчувальную падтрымку і дапамогу ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Алена Масцерава.