Новости
Маленькія лагайчане далучыліся да дабрачыннага праекта
главное
826 дня(-ей) назад
2
4

Напярэдадні калядных святаў вучні СШ № 1 г. Лагойска далучыліся да міжнароднага дабрачыннага праекта "Новае жыццё ў абмен на крышачкі".

Дзеці з 2 "Б" класа пад кіраўніцтвам педагогаў Ганны Меркуль і Алены Комлевай сабралі некалькі пакетаў з пластыкавымі крышачкамі, якія 24 снежня перадалі Паўлу Алімаву, аўтаваланцёру, што займаецца зборам, захаваннем і транспарціроўкай крышачак у Лагойскім раёне.

Праект "Новае жыццё ў абмен на крышачкі" дапамагае дзеткам з рознымі захворваннямі. Сабраная другасная сыравіна адпраўляецца на пераапрацоўку, а сродкі, атрыманыя ў выніку, ідуць на лячэнне дзяцей.

Наш горад восенню прыняў удзел у рэспубліканскім экатуры, арганізаваным пры інфармацыйнай і фінансавай падтрымцы кампаніі "Coca-Cola ў Беларусі". З 25 кастрычніка па 6 лістапада спецыяльны аўтамабіль наведаў 50 населеных пунктаў краіны і сабраў 15 тон пластмасавых крышачак.

У Мінскай вобласці лідарамі па масе пераданых на карысць праекта крышачак​ сталі жыхары Салігорска і Барысава. Сярод абласцей больш за ўсё іх сабралі на Брэстчыне.

Сродкі, атрыманыя ў выніку пераапрацоўкі сыравіны, будуць накіраваны на дапамогу дзецям з цяжкімі хваробамі нервовай, костна-мышачнай сістэм і іншымі праблемамі са здароўем з Мінскага, Рэчыцкага раёнаў і Бабруйска.

А праект працягвае працу далей. Далучацца да яго могуць усе, хто нераўнадушны да чужой бяды, у тым ліку арганізацыі і прадпрыемствы раёна.

Крышачкі ад бутэлек можна прыносіць у пункты збору, якія размешчаны ў рэдакцыі газеты "Родны край" па вуліцы Савецкай, 1а (тэл. 78-1-53), а таксама ў магазін "Планета инструментов" па вуліцы Перамогі, 86.

Разам мы зробім гэты свет хоць крыху лепшым!

Алена Масцерава.