Новости
На беларускім тэлебачанні выйшлі праграмы пра вядомых на Лагойшчыне майстроў
главное
863 дня(-ей) назад
2
4

Заўтра, 11 снежня, у 10.00 на тэлеканале «Беларусь 3» можна будзе паглядзець праграму «Народны майстар» з удзелам Алены Гурэцкай. Гэта народны майстар Рэспублікі Беларусь, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці і лагойскага народнага клуба майстроў, лаўрэат дзяржаўнай стыпендыі, дыпламант і прызёр рэспубліканскіх выстаў.

Умеліца расказвае ў перадачы пра тое, як прыйшла да гэтага рамяства, хто паказаў ёй тэхналогію пляцення з лазы.

Здымкі праходзілі некалькі дзён, у тым ліку на ўчастку зямлі ў Лагойскім раёне, дзе Алена Гурэцкая з мужам Аляксеем вырошчваюць і нарыхтоўваюць матэрыял для сваіх работ.

А затым на вачах гледача нараджаюцца вырабы з лазы.

У фільме выкарыстоўваюцца кадры з заняткаў у Мінскім каледжы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М. Кедышкі, дзе Алена Гурэцкая да нядаўняга часу працавала выкладчыцай. Зараз яна ўзначальвае філіял «Акопы» Беларускага дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Харужынцах.

У праграме ўзгадваецца той факт, што Алена Гурэцкая з’яўляецца аўтарам метадычнага дапаможніка па лозапляценні, дзе раскрывае таямніцы свайго рамяства. Але яна і сама зрабілася гераіняй кнігі: яе творчасці прысвечаны артыкул энцыклапедычнага выдання «Народныя майстры Беларусі», якое было надрукавана ў 2020 годзе.

У гэтай жа кнізе ёсць артыкул і пра Івана Раманчука, ганчара з райцэнтра, клуба  «Скарб зямлі Лагойскай», які таксама здымаўся ў перадачы «Народны майстар». Выпуск з яго удзелам можна знайсці ў YouTube. За паўгадзіны праграмы Іван Клеафасавіч паказвае і мясціны, дзе здабывае гліну, і спосабы лепкі розных відаў посуду,  і працэс сушэння, абпальвання, нават дымлення гліняных рэчаў.

Адметнасцю праграмы з удзелам Івана Раманчука з’яўляюцца прыгожыя краявіды Лагойшчыны, знятыя з вышыні птушынага палёту.

Алена Масцерава.