Новости
Мабільны пункт вакцынацыі працаваў у лагойскай краме
главное
863 дня(-ей) назад
2
4

У аўторак, 7 снежня, з 13.00 да 15.00 у будынку лагойскай крамы «Еўраопт» працаваў мабільны пункт вакцынацыі, дзе можна было зрабіць прышчэпкі ад каранавіруса і грыпу. Гэтай магчымасцю скарысталася толькі адна лагайчанка, якая раней перанесла каранавірус і спецыяльна прыйшла ў краму, каб прышчапіцца ад небяспечнай інфекцыі.

Пасля агляду ўрачом агульнай практыкі Сяргеем Батыем памочнік урача Вольга Цішкевіч увяла жанчыне кітайскую вакцыну.

На ўваходзе дзяжурылі супрацоўнікі Лагойскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якія раздавалі наведнікам гандлёвай кропкі інфармацыйныя матэрыялы на тэму барацьбы з каранавірусам, прафілактыкі ВІЧ і СНІД.

Інструктар-валеолаг Віялета Дышлевіч, уручаючы лістоўкі лагайчанцы Марыі Курач, расказала пра тое, як важна ў час пандэміі атрымаць вакцыну ад каранавіруснай інфекцыі. Дзяўчына пакуль не адважылася на прышчэпку, але з цікавасцю вывучала буклеты.

Тым жа, хто прыняў рашэнне вакцынавацца ад COVID-19, можна зрабіць гэта ў працэдурным кабінеце паліклінікі Лагойскай ЦРБ з 10.00 да 20.00.

– Мы прыехалі ў краму пасля прыёму ў паліклініцы, а зараз зноў вернемся ў кабінет № 29, – расказала напрыканцы працы мабільнага пункта Вольга Цішкевіч. – Кожны дзень у паліклініку звяртаюцца людзі, каб зрабіць прышчэпку. Таксама мы рэгулярна выязджаем у арганізацыі і на прадпрыемствы, дзе праводзім вакцынацыю не толькі ад каранавіруса, але і ад грыпу. Сёння быў пробны выезд у гандлёвую кропку. Спадзяюся, калі ў наступны раз будзе зноў арганізаваны мабільны пункт вакцынацыі, магчымасцю зрабіць у ім прышчэпку скарыстаецца больш людзей.

Па інфармацыі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, з 29 лістапада па 5 снежня ў нашым раёне выяўлены 84 выпадкі захворванняў на COVID-19. Па даных, атрыманых 6 снежня, на Лагойшчыне ад каранавіруса было прышчэплена 37,5 % насельніцтва.

Алена Масцерава.