Новости
Прыгажосць роднай зямлі можна ўбачыць у лагойскім музеі
главное
892 дня(-ей) назад
2
4

У вас яшчэ ёсць час, каб на свае вочы пабачыць прыгожыя пейзажы ў Лагойскім гісторыка-краязнаўчым музеі імя Тышкевічаў. Да 30 лістапада тут працуе персанальная выстава Вячаслава Аўгусціновіча «Прыгажосць роднай зямлі».

На палотнах мастака паўстаюць вясковыя пейзажы, камяні, расліны, рэкі ў розныя поры года.

Сярод снежных халодных гурбаў стаяць старэнькія драўляныя хаткі, што прыцягваюць спадарожнікаў цёплымі агеньчыкамі ў маленькіх вокнах.

На сонечных прасторах растуць высокія магутныя дубы – здаецца, дакранешся да аднаго з зялёных волатаў і адчуеш яго моцную энергетыку.

Валуны пры дарозе – нібы сівыя мудрыя дзядулі, якія ахоўваюць шлях вандроўніка.

А сухія травы і хмызнякі на заснежаным полі: здаецца, працягнеш руку – і дакранешся пальцамі да заледзянелых раслінак, настолькі рэалістычна яны выглядаюць.

Можа, хтосьці папракне аўтара ў залішняй фатаграфічнасці карцін. Але паглядзіце на святло: няўжо камера тэлефона ці фотаапарата можа перадаць цеплыню летняга ранку ці свежасць вясновага паветра, халодны подых зімовага ветру ці прэлы пах апалага лісця ў туманную восень? У мастака гэта выдатна атрымоўваецца!

Вячаслаў Аўгусціновіч нарадзіўся ў Смаргонскім раёне, з 1981 па 1986 гг. вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, працаваў у галіне выяўленчай і мастацкай галаграфіі. З 1986 г. удзельнічаў у рэспубліканскіх і міжнародных выставах, сярод якіх персанальная выстава ў французскім горадзе Ліль. Яго работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Італіі, Германіі, Польшчы, Кітаі, Расіі і ЗША.  

Каб атрымаць светлы настрой, выкліканы настальгічнымі ўспамінамі пра вясковае дзяцінства, каб убачыць непаўторную прыгажосць у простых рэчах і малюнках – прыходзьце на выставу ў музей, не пашкадуеце!

Алена Масцерава.

Фота Святланы Жолуд.