Новости
Самая крутая трэйл-траса знаходзіцца ў Лагойску. Як у нашым горадзе праходзіў «Жук-трэйл»
главное
905 дня(-ей) назад
2
4

Упершыню рэгістрацыю на такое масавае спартыўнае мерапрыемства арганізацыя «ARF.by» пачынала за 10 дзён да старта, калі дакладна стала вядома, што «Жук-трэйл Лагойск» усё ж адбудзецца. Нягледзячы ні на якія складанасці, 31 кастрычніка аматары бегу з усёй краіны спяшаліся ў бок урочышча, што ў раёне вуліцы Цяністай нашага горада.

Трэйл-трасу ў Лагойску называюць самай крутой ў Беларусі, таму што набор вышыні на круг у 10,5 км складае 530 метраў, і гэта без штучных перашкод! Аднак ахвотнікаў пакарыць яе набралася нямала: як паведамілі ў Цэнтры спаборніцтваў, толькі ў першай палове дня было зарэгістравана больш за 300 удзельнікаў.

Пачыналіся спаборніцтвы дыстанцыямі ў 42 і 21 км, затым дарослыя беглі 10 і 5 км.

Шмат удзельнікаў было на дзіцячай дыстанцыі. Асобна адзначаліся вынікі сярод хлопчыкаў і дзяўчынак у розных узроставых катэгорыях.

Напрыклад, мінчане Стас і Раман выдатна справіліся з адлегласцю 1,5 км. Мама хлопчыкаў Ірына адзначыла, што сынам цікава было бегчы, таму што іх чакала не проста роўная траса, а прыгожыя, хоць і складаныя, лагойскія ўзгоркі, цудоўны лес.

Адметна, што на «Жук-трэйл» многія прыязджалі цэлымі сем’ямі. Так мінчанін Сяргей, актыўны ўдзельнік іншых падобных мерапрыемстваў, завітаў у Лагойск з жонкай, дачкой і сынам, каб усім разам прабегчы па адной з самых складаных трас краіны.

Калі дарослыя толькі рыхтаваліся да сваіх дыстанцый, то 12-гадовы Яраслаў і 8-гадовая Арына ўжо адпачывалі, адзначыўшы, што вялікая колькасць пад’ёмаў і спускаў – гэта досыць цяжка.

У забегу прымаў удзел і былы аднакласнік Сяргея, лагайчанін Аляксандр Міхаськоў, які з жонкай Івіяй выбраў дыстанцыю 10 км.

З аграгарадка Лясны прыехаў са сваімі дзеткамі і іх сябрамі Павел Дуровіч. Дзіцячую дыстанцыю прабеглі 5-гадовая Адэліна, 7-гадовая Агнія і шасцікласнік Леанід.

– Мы з жонкай выхоўваем пецярых дзетак, развіваем іх фізічна шляхам удзелу ў спартыўных спаборніцтвах, – адзначыў шматдзетны бацька. – Аднойчы я па запрашэнні сябра пабываў на забегу сённяшняга арганізатара. Убачыў вакол сябе мужчын, жанчын у добрай фізічнай форме з выдатным настроем, і мне гэта вельмі спадабалася. Мы з Аксанай пачалі наведваць падобныя мерапрыемствы, а калі дзеці падраслі, то і іх сталі падцягваць да ўдзелу. Тут адчуваецца бадзёрая атмасфера, станоўчы зарад энергіі.

Дарэчы, Павел расказаў, што ў сталіцы ёсць «Совет отцов» і дзейнічае дабрачынны праект «Отцы», мэта якога – паказаць, што роля бацькі ў выхаванні дзяцей – вельмі важная, і да яе трэба быць гатовым, у тым ліку – каб прымаць актыўны ўдзел у арганізацыі іх вольнага часу, фізічна іх загартоўваць.  

На спартыўным свяце быў абвешчаны конкурс касцюмаў на тэму Хэлоўіна, таму некаторыя ўдзельнікі беглі ў вельмі цікавых вобразах.   

На старце можна было сустрэць і такіх мілых бегуноў.

Калі ў 13.30 пачынаўся забег на 10 км, неба нарэшце пачало яснець, і другую палову спартыўнага свята асвятляла яркае сонца.

На працягу дня прайшло некалькі цырымоній узнагароджання для дарослых і дзяцей. Пераможцы атрымалі падарункі ад партнёраў арганізатара – магазінаў спартыўнага адзення, аксесуараў, харчавання, турыстычнага абсталявання. Іх прадукцыю можна было набыць у выязных гандлёвых кропках на мерапрыемстве.

А спецыяльныя медалі ўдзельнікам будуць адпраўлены поштай.

Алена Масцерава.