Новости
Сям’я з Лагойска ўжо двойчы стала пераможцай гарадской спартландыі
главное
916 дня(-ей) назад
2
4

У суботу, 16 кастрычніка, у фізкультурна-аздараўленчым комплексе «Лагойск» прайшла гарадская спартландыя «Мама, тата, я – спартыўная сям’я». У ёй спаборнічалі 5 сем’яў, у якіх дзеці з’яўляюцца трэцякласнікамі школ райцэнтра.

Андрэй і Таццяна Бекішы ўжо аднойчы перамагалі ў падобным мерапрыемстве са старэйшым сынам Артурам, які ў гэту суботу знаходзіўся на спаборніцтвах па баскетболе. Калі сярэдняя дачка Лівія вучылася ў 4 класе, сям’я стала лідарам на гімназічным першынстве. А цяпер, на чале з капітанам, малодшым сынам Цімурам, яны зноў занялі ў гарадской спартландыі першае месца. Галоўнай іх балельшчыцай была малодшая дачушка Луцыя.

У кроку ад першага выніку спыніліся вучань 3 «Г» класа СШ № 1 г. Лагойска Мікіта Заяц з мамай Таццянай Рыгораўнай, якім дапамагаў ва ўсіх выпрабаваннях дзядзя Аляксандр Мохарт.

Не ўпершыню ў такой спартландыі брала ўдзел Ала Вашкевіч. Раней выступала са старэйшымі дзецьмі, а гэтым разам яна з дачкой-трэцякласніцай СШ № 3 г. Лагойска Вольгай Вашкевіч і сваім братам Алегам Корзікам заняла 3 месца.

Такі ж вынік атрымаўся і ў сям’і Галушкаў. Гімназіст Мікіта займаецца ў спартыўнай секцыі па футболе, мама Алена любіць фітнес, а тата Міхаіл падтрымлівае добрую фізічную форму з дапамогай практыкаванняў на хатніх турніках.

Лера Кухарская з першай школы райцэнтра з бацькамі Людмілай і Пятром ужо спаборнічала з іншымі спартыўнымі камандамі ў дзіцячым садку. І хоць у сёлетняй спартландыі журы прысудзіла ім толькі пятае месца, сям’я была ў добрым настроі, адзначыўшы, што падобныя мерапрыемствы – выдатны спосаб правесці вольны час разам.

Усяго падчас спартландыі было праведзена 9 конкурсаў.

 

У паўзах паміж спартыўнымі выпрабаваннямі выступілі вакалісты з гімназіі і дамрыстка Яна Зубец з першай школы.

Загадчык сектара спорту ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Ганна Шчэрба з намесніцай дырэктара ФАЦ «Лагойск» Ірынай Кругленяй уручылі ўсім удзельнікам дыпломы і тарты, набытыя дзякуючы спонсарскай дапамозе гаспадара сядзібы «Royal Hall». А дырэктар фізкультурна-аздараўленчага комплексу Васіль Салаўёў падарыў кожнай сям’і абанементы, па якіх можна наведаць або інфрачырвоную саўну, або басейн.

Алена Масцерава.

Фота Святланы Жолуд.