Новости
Акцыя «Чысты лес» праходзіць у Беларусі. Лагойск далучыўся да добрай справы
главное
930 дня(-ей) назад
2
4

Па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі ў Беларусі 9 кастрычніка праводзіцца акцыя «Чысты лес». На Лагойшчыне да яе далучыліся ўсе 11 лясніцтваў, якія сумесна з валанцёрамі наводзяць парадак у лясной паласе вакол населеных пунктаў.

Так, група людзей, якая сабралася раніцай на тэрыторыі Лагойскага лясніцтва, накіравалася ў лясны масіў у раёне завулка Усходняга, вуліц Школьнай і Будаўнічай (так званая Багданаўка).

Ляснічы Аляксандр Каральчук раздаў удзельнікам неабходны інвентар, а таксама кепкі з лагатыпам акцыі «Чысты лес».

Прыборку пачалі на ўскрайку каталіцкіх могілак.

Там сабраліся проста вялізныя кучы пластыкавых букетаў, якія адслужылі сваё. Наглядны прыклад таго, чаму трэба адмовіцца ад іх выкарыстання, замяніўшы жывымі кветкамі падчас наведвання магіл.

Але тут было поўна і ўсякага іншага смецця: больш за ўсё карычневых ПЭТ-бутэлек з-пад піва.

А вось стары абутак, металічныя накрыўкі ад каструль наўрад ці прыносілі сваякі памерлых на могілкі? Пытанне гэта, безумоўна, у першую чаргу, датычыцца жыхароў бліжэйшых дамоў.

Праходзячы ўчастак за ўчасткам, лагайчане збіралі смецце ў пакеты, якія потым вывезе на палігон трактар Лагойскага лясгаса.

У акцыі акрамя работнікаў лясной галіны ўдзельнічала Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў поўным складзе.

Лагойскае аддзяленне Дэпартамента аховы прадстаўляла дэлегацыя з пяці чалавек. Дзмітрый Скальскі і Міхаіл Смурговіч расказалі, што ім нават далі выхадны, каб была магчымасць далучыцца да навядзення парадку ў лесе.

Дар’я Новік прымае добраахвотны ўдзел у акцыі другі раз. Яна 5 гадоў таму прыехала ў Лагойск з Гомельскай вобласці і адзначыла, што гэта вельмі цікавы горад, знаёмячыся з якім, можна кожны дзень адкрываць у ім нешта новае. А каб ён выглядаў дагледжаным і прыгожым, лічыць дзяўчына, трэба праводзіць не толькі акцыі «Чысты лес», але і «Чысты горад», «Чыстая вуліца», бо ў мясцовых жыхароў не так часта сустрэнеш добраахвотную ініцыятыву па добраўпарадкаванні.

– Безумоўна, хацелася б, каб людзі менш забруджвалі прыроду, – гаварыла Дар’я. – На Лагойшчыне такія прыгожыя лясы! І не трэба чакаць, што нехта прыйдзе прыбярэ – усё, што вакол, гэта наша зона адказнасці, кожны з нас адказвае за чысціню, за будучыню.  

У мінулым годзе Дар’я прачытала пра акцыю ў газеце, у гэтым – пачула па радыё і ўдакладніла інфармацыю на сайце лясгаса, а лагайчанін Сямён Паўлючэнка даведаўся пра яе ад галоўнага ляснічага Ірына Фадзеевай. Яна расказала пра акцыю, калі перадавала яму і групе аднадумцаў саджанцы спірэі, якія былі высаджаны з новымі пяццю дрэвамі ў парку. Сямён Сямёнавіч здзіўляўся, чаму лагайчане з бліжэйшых дамоў не выйшлі на прыборку, што звязваў з недастатковай іх інфармаванасцю.

Тое, што гараджане павінны сачыць за парадкам на тэрыторыі паблізу іх пражывання, адзначыў і Аляксандр Каральчук.

– Трэба, каб людзі самі арганізоўвалі суботнікі, прыбіраліся ў блізкай да іх лясной мясцовасці хаця б два разы на год. Пагадзіцеся, той, хто наводзіць парадак у лесе, ніколі сам там не стане кідаць там смецце, – сказаў ляснічы Лагойскага лясніцтва, якія падзякаваў усім удзельнікам акцыі за ўклад у захаванне чысціні навакольнага асяроддзя.

Дарэчы, навядзеннем парадку на тэрыторыі каля гімназіі займаліся ў гэты дзень і вучні 8 «Б» класа на чале з класным кіраўніком Інгай Белашапкай.

Алена Масцерава.