Новости
Збор крышачак у дапамогу хворым дзецям пройдзе ў 50 гарадах Беларусі
главное
936 дня(-ей) назад
2
4

У рамках дабрачыннага экатурнэ праекта «Новае жыццё ў абмен на крышачкі» спецыяльны грузавік наведае больш за 50 населеных пунктаў Беларусі, дзе збярэ крышачкі ад пластыкавых бутэлек. Усе сродкі, атрыманыя ад здачы на перапрацоўку пластыку, пойдуць на рэабілітацыю дзяцей з захворваннямі нервовай сістэмы.

Гэта не першае падобнае турнэ, якое арганізуецца пры дапамозе «Coca-Cola у Беларусі». Прадпрыемства акажа фінансавую падтрымку кастрычніцкаму збору крышачак, які рэалізуе ўстанова «СоциоЭкоЦентр». Спецыяльны грузавік наведае шэраг гарадоў і пасёлкаў Міншчыны, сярод якіх значыцца і Лагойск. Збор крышачак пройдзе ва ўсіх абласцях нашай краіны, дзе ёсць пункты іх прыёму.

У нашым горадзе вы можаце прыносіць крышачкі ад ПЭТ-бутэлек з-пад напояў, сродкаў бытавой хіміі і парфюмерыі ў рэдакцыю газеты «Родны край», адкуль на захаванне крышачкі забірае валанцёр праекта лагайчанін Павел Алімаў. На заводзе «Трайпл Фарм», дзе ён працуе, устаноўлены спецыяльны кантэйнер для збору крышачак.

Да праекта можа далучыцца кожны нераўнадушны чалавек, араганізацыя, прадпрыемства. Месцы размяшчэння стацыянарных пунктаў збору апублікаваны ў сацыяльных сетках праекта «Новае жыццё ў абмен на крышачкі». Спасылкі на старонкі праекта ў сацсетках: «Вконтакте» – vk.com/kryshariki, Instagram – instagram.com/kryshariki, «Одноклассники» – ok.ru/group/55273289678848.

Вядома, што раней гэта ініцыятыва ўжо дапамагла некалькім хворым дзеткам з Мінска, Віцебска, Смаргоні, Жодзіна, Глыбокага, Пінска, Бярозаўкі, якім набылі неабходныя сродкі для рэабілітацыі. Акрамя таго, збор пластыкавых крышачак спрыяе захаванню чысціні навакольнага асяроддзя.

Алена Масцерава.