Новости
Лагайчане прымуць удзел у фестывалі "Капыльскія пацехі"
главное
939 дня(-ей) назад
2
4

«Капыльскія пацехі" -- гэта абласны фестываль гульні і гумару, які пройдзе 5 верасня ў рамках святкавання Дня пісьменства. На працягу ўсяго мерапрыемства будуць працаваць гульнёва-забаўляльныя інтэрактыўныя пляцоўкі, адбудзецца дэгустацыя цыганскіх зёлак. Арганізатары рыхтуюць таксама канцэрт гумарыстаў «Жывотанадрывалка».

Асноўнай часткай фестывалю стане конкурсная праграма, у якой выступяць гумарыстычныя і гульнёвыя гурты Мінскай вобласці. Наш раён на ёй прадставіць народны тэатр гульні і гумару «Балаган» Лагойскага раённага цэнтра культуры.

Гледачы пазнаёмяцца з гумарыстычнай замалёўкай «Беларускі настрой», аўтарам якой з’яўляецца Уладзімір Мірончык.

У аснове сюжэту – вяселле 90-х, на якое не прыехаў тамада, таму госці вымушаны браць на сябе гэту функцыю і весяліць усіх па чарзе. Такім чынам, публіку чакаюць гульні, забавы, прыпеўкі, жарты, якімі напоўнены вадэвіль.

Мы пабывалі на адной з рэпетыцый п’есы і ўбачылі, як ідзе праца на сцэне, якія касцюмы падрыхтавалі лагойскія артысты. У пастаноўцы бяруць удзел работнікі Лагойскага РЦК, у тым ліку і яе аўтар. Яны выдатна падабралі ролі і выконваюць іх з надзвычайнай экспрэсіяй, як таго патрабуе выбраны жанр. У цэнтры падзей, як і на любым вяселлі, жаніх (Яўген Зуб) і нявеста (Святлана Жук). Выкарыстоўваецца мінімум дэкарацый (вясельны стол з пачастункам, лавы), затое максімум пазітыўный энергетыкі, музычных і харэаграфічных элементаў, інтэрактыўных форм гульні.

Кароткую, па ўмовах конкурсу, 10-хвілінную пастаноўку будзе ацэньваць кампетэнтнае журы і, вядома ж, гледачы, якім давядзецца прыняць самы актыўны ўдзел у лагойскім вяселлі.

Алена Масцерава.