Новости
«Школа – гэта цэлы сусвет»: святочная лінейка прайшла ў гімназіі
главное
961 дня(-ей) назад
2
4

У Дзень ведаў Лагойская гімназія адчыніла дзверы для 904 вучняў. Для 121 першакласніка і 31 выпускніка тут прайшло свята першага званка.

Павіншаваць іх завіталі старшыня райвыканкама Аляксандр Ласевіч, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінаблвыканкама Вольга Топдэмір, намеснік cтаршыні райвыканкама па сацыяльнай сферы Анжэла Раемская, начальнік райаддзела Дэпартаменту аховы Павел Тарлецкі.

Гучнымі апладысментамі сустракалі бацькі і госці вучняў пяці першых класаў, якія пойдуць па дарозе ведаў з настаўніцамі Аленай Крыскевіч, Ларысай Бурачэўскай, Аксанай Хацяновіч, Дар’яй Буйко і Аленай Сідаровіч.

Урачыста перад школай выстраіліся выпускнікі разам са сваім класным кіраўніком, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Галінай Недрашлянскай. Сем вучняў 11 класа вучацца выдатна і прэтэндуць на атрыманне залатога медаля – гэта Уладзімір Ляшчынскі, Мікіта Шапяцюк, Паліна Штанюк, Кацярына Кісель, Ксенія Сінюковіч, Кацярына Салодкая, Іван Максімовіч. Ім было дадзена ганаровае права падняць Дзяржаўны сцяг падчас цырымоніі адкрыцця лінейкі, пасля чаго загучаў гімн Рэспублікі Беларусь. 

Дырэктар установы Лілія Ліхтаровіч павіншавала вялікую гімназічную сям’ю са святам.

– Вы сёння трапілі ў краіну ведаў, – сказала яна, звяртаючыся да першакласнікаў. – Вас павядуць па ёй вашы настаўнікі – добрыя чараўнікі. Жадаю вам у гэтай краіне быць здаровымі, смелымі, чэснымі, справядлівымі, любіць сваю Радзіму, вучыцца і ўвесь час спасцігаць новыя веды.

Бацькам Лілія Уладзіміраўна пажадала здароўя і цярпення, адзінаццацікласнікам – атрымліваць асалоду ад апошняга школьнага года, каб настаўнікі толькі ганарыліся іх ведамі, дасягненнямі, перамогамі ў алімпіядах і конкурсах.

Аляксандр Ласевіч назваў школьную пару залатымі гадамі жыцця і звярнуўся да настаўнікаў і вучняў з пажаданнямі поспехаў ва ўсіх справах. Ён уручыў установе адукацыі каштоўны падарунак – ноўтбук.

– Тым з выпускнікоў, хто яшчэ не ведае, кім стаць, жадаю хутчэй вызначыцца і выбраць правільны шлях, – сказаў Аляксандр Георгіевіч. – Заставайцеся патрыётамі, любіце сваю краіну і разам з ёй, бацькамі, сябрамі і блізкімі ідзіце толькі наперад!

Вольга Топдэмір адзначыла, што 1 верасня – не проста Дзень ведаў, для кагосьці гэта пачатак новага летазлічэння. Яна пажадала дзецям, каб яны выраслі годнымі грамадзянамі сваёй краіны, бацькам – берагчы і цаніць дзяцей, педагогам – з гонарам несці званне настаўніка.

Звонкія вершы чыталі першакласнікі, жадалі ім поспехаў у гімназічным сусвеце выпускнікі, а таленавітыя творчыя вучні выступілі з музычнымі нумарамі.

Потым вясёлы званок паклікаў усіх у школу на першы ўрок, тэма якога – «Адзінства беларускага народа – аснова незалежнасці краіны».

Алена Масцерава, «РК».

Больш фота -- у нашай групе ў "Аднакласніках" па спасылцы https://ok.ru/profile/571738278495