Новости
Педагогі з Лагойска прынялі ўдзел у рэспубліканскім педсавеце
главное
968 дня(-ей) назад
2
4

У Мінску 23 – 24 жніўня праходзіў рэспубліканскі педагагічны савет. Удзел у ім прынялі каля тысячы педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і галіновага прафсаюза. Падчас мерапрыемства былі разгледжаны стратэгічныя пытанні развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі да 2030 года, а на пленарным пасяджэнні з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі былі вызначаны асноўныя напрамкі развіцця айчыннай адукацыі.

Лагойскі раён на рэспубліканскім педсавеце прадстаўлялі начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Галіна Собаль, дырэктар Гімназіі г. Лагойска Лілія Ліхтаровіч, загадчык Лагойскага дзіцячага садка № 2 «Вясёлка» Юлія Уклейка, настаўніца пачатковых класаў СШ № 1 г. Лагойска, лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года» Святлана Іванюшына.

– У першы дзень мерапрыемства на базе розных устаноў адукацыі працавала 13 секцый, – расказала Святлана Іванюшына. – Мне і яшчэ прыкладна 200 настаўнікам давялося паўдзельнічаць у працы секцыі на тэму «Асобаснае развіццё навучэнцаў у адукацыйным працэсе» на факультэце міжнародных адносін БДУ.  У лекцыйным фармаце перад намі выступіла некалькі спікераў на самыя розныя тэмы, якія датычаць навучання і выхавання, бяспекі вучняў; прайшло абмеркаванне новага Кодэкса аб адукацыі.

Пасля ўсіх удзельнікаў чакаў канцэрт у Нацыянальным Акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета.

На другі дзень прайшло пленарнае пасяджэнне, падчас якога абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з ваенна-патрыятычным выхаваннем, увядзеннем новых прадметаў у школах і ВНУ, сістэмай ацэньвання ведаў вучняў, увядзеннем у 2023 г. адзінага нацыянальнага экзамена. Асобна разглядалася тэма мэтавай падрыхтоўкі студэнтаў, абмяркоўваўся праект абавязковых экскурсій на ўроках гісторыі і геаграфіі, гаварылася пра ўмовы паступлення ў ВНУ для пераможцаў алімпіяд і г. д.

У цэлым, былі разгледжаны найбольш важныя пытанні сённяшняй сістэмы адукацыі, выслуханы меркаванні спецыялістаў і агучаны планы і перспектывы на будучае.

Алена Масцерава.