Новости
Гонка Bison Race прайшла на Лагойшчыне
главное
977 дня(-ей) назад
2
4

 З 20 па 22 жніўня на тэрыторыі ГСАК «Лагойск» праходзіла чарговая гонка «Bison Race», на якой было разыграна 91 прызавое месца.

Пятніца пачалася са спрынту. У суботу ўдзельнікаў чакала доўгая дыстанцыя, а таксама этапы Bison Ninja Kids і Bison Ninja Track. У нядзелю адбыліся камандныя эстафета (36 перашкод) і гонка (33 перашкоды), Open група і дзіцячы забег.

Удзельнікаў чакалі самыя розныя перашкоды: трэба было пераскочыць праз агонь, завал з шын і іншыя бар’еры, пралезці пад сеткай і электрычнымі дратамі, залезці па канаце і стукнуць у звон і г. д.

Як расказала адна з удзельніц, Ірына Літвінчук з Мінска, да гэтага яна спрабавала сябе ў іншых забегах, але «Bison Race» паказаў, што цела не зусім гатова да такіх выпрабаванняў. Бег па перасечанай мясцовасці, усяго 7 км, 33 перашкоды – гонка была хоць складанай, але насычанай і цікавай.

Асабліва цяжка даваліся перашкоды, якія цалкам трэба было прайсці на руках, а таксама тое, што падчас некаторых этапаў даводзілася літаральна акунацца ў гразь.

Але Ірына бегла ў камандзе, калі дазваляецца дапамагаць адзін аднаму, што аблягчала дыстанцыю. Безумоўна, складаней было апошняму чалавеку, які праз усе выпрабаванні праходзіў сам.

– «Bison Race» – гэта спосаб праверыць сябе, сваю фізічную падрыхтоўку, кожную мышцу свайго цела, – адзначыла Ірына. – Уражанняў падчас гонкі вельмі шмат, таму што трапляеш у незвычайныя сітуацыі, калі трэба хутка вырашаць, што рабіць, калі няма часу падумаць. Выдатна было адчуваць падтрымку каманды. Мне  вельмі спадабалася мясцовасць, дзе праходзілі спаборніцтвы. Я сама родам з Пінска і не ведала нават, што ў Беларусі ёсць раёны з такім узгоркавым ландшафтам. Тут вельмі прыгожа.

Максім Шынкевіч з Лагойска быў на «Bison Race» ў якасці гледача. Знаёмыя прапанавалі яму паўдзельнічаць у заключнай гонцы сезона, якая адбудзецца 26 верасня ў Нясвіжскім замку, і лагайчанін вырашыў загадзя ўбачыць, як усё праходзіць. Ён таксама заўважыў, што ў камандзе лягчэй выконваць заданні, асабліва тыя, што звязаны з пераходам перашкоды на адных руках. Яго ўразіла колькасць удзельнікаў і гледачоў з розных гарадоў, маштабнасць мерапрыемства, смеласць і спрыт тых людзей, якія не баяцца ніякіх перашкод.

Алена Масцерава.

Фота Міхаіла Станкевіча.