Новости
У лагойскім касцёле прайшла сустрэча сямейнага руху «Equipes Notre-Dame»
главное
972 дня(-ей) назад
2
4

Сустрэча суполак Паўночнага Сектара сямейнага руху «Equipes Notre-Dame» прайшла 21 жніўня ў Лагойскім касцёле Святога Казіміра. У ёй прынялі ўдзел сем’і з Мінска, Лагойска, Барысава, Негарэлага, а таксама святары, адказныя за духоўнае кіраўніцтва руху.

Святую імшу цэлебраваў ксёндз Алег Шпець – пробашч мінскай парафіі святых Яна Евангеліста і Максімільяна М. Кольбэ, духоўны дарадчык Паўночнага Сектара руху «Equipes Notre-Dame» – Суполкі Маці Божай на Беларусі.

Айцец Алег адзначыў, што будучыня – гэта не жыццё марамі, будучыня – гэта жыццё канкрэтнымі намаганнямі, якія мы прыкладаем ужо цяпер. Таму можна сказаць, што будучыня пачынаецца сёння. Пры гэтым ён прывёў цікавую аналогію: толькі скончылася алімпіяда, а спартсмены, каб перамагчы на наступных спаборніцтвах праз 4 гады, рыхтуюцца да іх адразу пасля заканчэння папярэдніх. Так і хрысціяне павінны дбаць пра духоўнае ўдасканаленне ўжо цяпер і не забываць пра яго кожнае імгненне свайго жыцця. Трэба браць адказнасць за сваё жыццё, дзяцей, сям’ю – за тое, што сапраўды важна. Неабходна таксама імкнуцца да сужэнскага дыялогу, разам з Богам выпрацоўваць правілы сумеснага жыцця, шукаць шлях да святасці.

Вітаючы прысутных, Генадзь і Алена Манчынскія, якія з’яўляюцца адказнай сям’ёй Паўночнага Сектара, адзначылі, што сустрэча ў Лагойску стала  сустрэчай сапраўдных сяброў. Таму яны пажадалі ўдзельнікам выдатна правесці час і вярнуцца дадому задаволенымі, суцішанымі, супакоенымі і ўпэўненымі ў тым, што «мы ёсць адзін у аднаго, мы разам, і тое, што мы робім, не дарма».

Гэтыя словы пацвердзілі сведчанні сем’яў, якія ў розны час далучыліся да руху END, каб спасцігаць глыбокі сэнс сакрамэнту шлюбу, удасканальвацца духоўна, імкнуцца да сапраўднага хрысціянскага жыцця.

Так, удзельнікі з розных гарадоў у даверлівай атмасферы дзяліліся тым, што ўдзел у Суполцы Маці Божай дапамагае пераймаць станоўчы вопыт іншых сем’яў у выхаванні дзяцей, пабудове гарманічных адносін паміж мужам і жонкай, прыняццю важных сямейных правіл. Таксама была звернута ўвага на тое, што ўдзел у руху END патрабуе выконваць абяцанні, дадзеныя падчас хросту, вучыць адказнасці.

Аляксандр і Галіна Антановічы з Мінска расказалі, што рух END – гэта сіла, накіраваная на духоўнасць, якая вядзе сцежкай святасці. Яны выказалі ўдзячнасць ксяндзам-духоўным дарадчыкам за тое, што дапамагаюць ісці суполкам гэтай сцежкай. І ў наш час, калі ў свеце назіраецца крызіс сям’і, вельмі важна паказваць святло хрысціянскай сям’і іншым.

Сустрэча прадоўжылася шчырымі размовамі, супольнымі малітвамі, а таксама музычнымі нумарамі, танцавальнымі майстар-класамі, спартыўнымі гульнямі. Госці дзякавалі прадстаўнікам лагойскай парафіі за цудоўную арганізацыю сустрэчы.

Алена Масцерава.

Даведка: Рух END – міжнародны рух сужэнскай духоўнасці, заснаваны ў 1939 г. у Францыі. На дадзены момант дзейнічае ў 93 краінах свету і налічвае каля 140 000 удзельнікаў. У нашай краіне існуе з 2004 г. За перыяд сваёй дзейнасці рух аказаў дапамогу многім сем’ям з усёй Беларусі.