Новости
Летняе аздараўленне школьнікаў працягваецца
Рэпартаж з Акцябра і Лагойска.
главное
959 дня(-ей) назад
2
4

У Акцябрскай СШ толькі завяршыўся лагер працы і адпачынку, падчас якога 8 старшакласнікаў займаліся праполкай дрэў на прадпрыемстве «Прырода-люкс». А цяпер тут працуюць адразу тры лагеры для дзетак розных узростаў. У профільны прыходзяць 10 вучняў з 6 па 10 класы. Акрамя ўдзелу ў насычанай цікавымі мерапрыемствамі праграме яны дадаткова займаюцца з настаўнікамі па вучэбных прадметах – матэматыцы, беларускай і англійскай мовах.

Напрыклад, у сераду Саша Абасава, Каця Чарнышова, Мацвей Пракофьеў і Аня Анкуда паўтаралі з настаўніцай Галінай Сабалеўскай тэму прыметнікаў. На аснове гэтых часцін мовы яны складалі тэксты рэкламы, прэзентавалі іх. А ў гэты час другая частка атрада займалася матэматыкай.

Удзельнікі аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем ва ўзросце 7-10 гадоў пачалі сераду з малюнкаў па сюжэтах вядомых казак. Гэту тэму працягнулі ў сельскай бібліятэцы, дзе бібліятэкар Ганна Захарэвіч пазнаёміла малодшых школьнікаў з кнігамі беларускіх пісьменнікаў, што пішуць для дзяцей. Каляровыя выданні Раісы Баравіковай, Людмілы Рублеўскай і іншых аўтараў зацікавілі вучняў. Тым з іх, хто яшчэ не быў запісаны ў бібліятэку, Ганна Іванаўна аформіла падпісныя абанементы.

А ў спартзале Акцябрскай СШ 15 удзельнікаў турыстычнага лагера збіраліся ў паход на базу адпачынку ў Расохах. Вучань Валерый Лосеў, напрыклад, вельмі старанна пакаваў рукзак, каб не забыць што-небудзь важнае.

Юных лагайчан, якія наведваюць турыстычны лагер трэцяй школы райцэнтра, мы сустрэлі 13 жніўня на стадыёне гэтай установы адукацыі. «Дзеці гор» адпачывалі пасля праходжання турыстычнай паласы ў парку, а найбольш актыўныя гулялі ў футбол з настаўнікам Уладзіславам Грудзько.

Дзесяцікласнік Стас Сушко, якія ўжо два гады займаецца ў турыстычным гуртку, адпрацоўваў спартыўныя элементы са сваім братам Уладам. Хлопчык расказаў, што ў лагеры ўвесь час ёсць чым заняцца, кожны дзень новыя маршруты і цікавыя гульні. Асабліва ўразіў яго сплаў на байдарках па рацэ Гайна.

Гэтую ж водную прыгоду адзначылі і дзяўчынкі: Валерыя Рашэтнікава, Аляксандра і Наталля Невяровіч. Яны расказалі, што ім падабаецца ўдзельнічаць ва ўсіх спартыўна-турыстычных выпрабаваннях, а з асаблівым задавальненнем яны праводзяць утульныя вечары ля турысцкага вогнішча.

– Сёлета кругласутачны палатачны лагер размешчаны на тэрыторыі школьнага стадыёна, і гэта вельмі зручна і камфортна, таму што шмат хто ў такім лагеры ўпершыню, а ў лесе пачаткоўцам магло б быць цяжкавата, – расказаў начальнік лагера Аляксей Судніковіч. – У крокавай даступнасці Цэнтр культуры з кіназалай, Цэнтр дзіцячай творчасці, дзе мы праводзілі сумесныя заняткі з аб’яднаннем «Юны патрыёт». Харчуюцца дзеці ў сталовай, а спяць у палатачным гарадку ў спальніках, якія вытрымліваюць тэмпературу да -15 градусаў.

Як расказаў настаўнік, у планах – трэніроўка па спартыўным арыентаванні ў парку і іншыя выпрабаванні, якія ўмацоўваюць здароўе і фізічную сілу. Акрамя іх дзеці бяруць удзел у выхаваўчых мерапрыемствах, сустрэчах з праваахоўнікамі і выратавальнікамі на тэму бяспекі і г. д.

Праграма гэтага лагера, як і астатніх у раёне, вобласці, рэспублікі, праходзіць пад дэвізам «ЗдОрава! ЗдарОва! Карысна! Дружна!».

Алена Масцерава.