Новости
На аграсядзібе "Малінаўка" гасцей частуюць малінавым віном
главное
984 дня(-ей) назад
2
4

Аграсядзіба пад такой назвай існуе з 2017 года ў весцы з аднайменнай назвай -- Малінаўцы. Гаспадыняй яе з'яўляецца Марына Лісіца.

Міні-хутар -- так называе сваё радавое гняздо Марына Валер’еўна. Чалавек яна актыўны і камунікабельны. Жанчыне даводзіцца сачыць за парадкам у памяшканнях і на падворку, гатаваць розныя прысмакі. Яна прымае ўдзел у розных мерапрыемствах, якія праходзяць не толькі ў раёне, але і за яго межамі. Памятаю, як падчас Вадохрышча ў райцэнтры за яе блінамі з мёдам і гарбатай на духмяных травах стаяла чарга не толькі з ліку гасцей, але і лагайчан.

Вядзенне гаспадаркі было б немагчымым без удзелу мужа Канстанціна Іванавіча. Для гэтага ў яго ёсць трактар і розныя прылады  для апрацоўкі зямлі і догляду за культурамі. Аднак больш  за ўсё мужчыне падабаецца яго пчалінае царства. Яно складаецца з хатняга і перасоўнага пчальнікоў. Для паспяховага вядення пчалярства неабходна як мага больш ведаць пра крылатых працаўніц, выконваць усе парады па догляду за імі і проста любіць гэту справу.

Не лішняй для бацькоў з’яўляецца  дапамага дачкі Ганны і сына Івана, якія кожны дзень бываюць ў Малінаўцы і, як кажуць, гатовы падставіць маладыя рукі для таго, каб занятак бацькоў меў свой дастойны працяг.

А пачыналася ўсё з захаплення Канстанціна Лісіцы пчалярствам. Адразу гэтаму спрыяла наваколле, а пазней і сам мужчына стаў праяўляць большы клопат,  пачаў сеяць побач з сядзібай меданосныя травы. Атрыманага мёду хапала і для сваёй сям’і, і для продажу.

Да аматараў салодкага прадукта сталі далучацца наведвальнікі суседняга гарналыжнага комплексу. Яны прасіліся на начлег і былі зусім не супраць пачаставацца хатнімі прысмакамі.

-Зразумела, мы стараліся быць гасціннымі гаспадарамі, -- расказвала жанчына. – Але задаволіць поўнасцю іх попыт на якасны адпачынак не маглі. Наша жыллё  не было прыстасавана для гэтага. Тады і нарадзілася ідэя будаўніцтва асобнага гасцявога дома. Звярнуліся да дзяржавы за крэдытам і атрымалі яго ў “ Белаграпрамбанку” по праграме развіцця аграсядзіб. Улічваючы тое, што ў нас не было вопыту ў справе, давялося прайсці навучанне ў Польшчы. Існуе аб’яднанне “Адпачынак у вёсцы”, у рамках яго можна многаму павучыцца ў іншых і падзяліцца сваімі здабыткамі.Справа ў тым, что  да гэтага часу мы прытрымліваемся першапачатковай канцэпцыі – ствараць максімальныя ўмовы адпачынку ў экалагічна чыстым куточку для знаёмства з яго гісторыяй, культурай і традыцыямі  Цяпер нашы госці карыстаюцца ўсімі бытавымі выгодамі. Але і тое, што было раней, мы не знішчылі.

Словамі заўсёды цяжка стварыць дакладную карціну ўбачанага. Вось і пра “Малінаўку” можна доўга распавядаць. Тут можна злавіць на вуду рыбіну, паназіраць за бусламі, якія не баяцца прысутнасці чалавека, а яшчэ пачаставацца ягадамі. Госці таксама могуць удзельнічаць і ва ўборцы іншых сельгаскультур. 

Абсталяваны спецыяльны куточак, дзе можна пасмажыць шашлыкі. А які адпачынак без банькі? Для аматараў спорту ёсць футбольнае поле. Не забылі і пра самых маленькіх наведвальнікаў, для якіх прадугледзелі пляцоўку для гульняў.

--Хіба можна ўявіць сабе вёску без маліны, якая заўсёды тут расла і дала назву населенаму пункту? -- усміхалася суразмоўца. – Я гатую малінавае віно, якім частую гасцей. А дастатковая колькасць вільгаці ў глебе дазволіла закласці плантацыю галубікі, якая лічыцца выдатным адсарбентам.

Ніхто, думаю, не адмовіцца і ад медавухі. Пры жаданні тут пазнаёмяць з працэсам атрымання мёду і нават дазволяць прыняць удзел у фінішным этапе, калі з сотаў сцяпае залацісты струменьчык.

-- Пандэмія, вядома ж, змяніла сітуацыю, -- разважала Марына Лісіца. – Яна паўплывала на магчымасць наведвацца ў любімыя месцы адпачынку, але не перакрэсліла чалавечых адносін. Напрыклад, мы так пасябравалі з ізраільцянамі, то яны нават запрашалі да сябе нашу дачку Ганну, якая з вялікім задавальненнем наведалася на зямлю абетаваную.

Пры гэтых словах суразмоўца на хвілінку задумалася і дадала:

-- Толькі вось незвычайныя чужыя краявіды радуюць вока, а свае, родныя – душу грэюць.

Валянціна КОРЗУН.