Новости
На беларускім тэлебачанні выйшла праграма з удзелам ансамбляў з Лагойска
главное
984 дня(-ей) назад
2
4

У нядзелю, 8 жніўня, на тэлеканале «Беларусь 3» трансляваўся чарговы выпуск перадачы «Наперад у мінулае». Гэтым разам яна была знята на аснове мастацкай праграмы «Вячоркі» ў выкананні народнага вакальнага ансамбля «Лагойскага Жывіца» і народнага ансамбля бытавога танца «Суботка» Лагойскага РЦК.

Таленавітыя спявачкі з Лагойска разам са сваім кіраўніком Уладзімірам Мірончыкам выканалі прыгожыя беларускія песні, лірычныя і вясёлыя: «Цвіла ружа пры дарозе», «Ой, калі ж той вечар ды павечарэе», «Ідзе Янка па вуліцы», «Цячэ рэчанька, цячэ быстрая» і іншыя . А рухавыя ўдзельніцы «Суботкі», падрыхтаваныя Наталляй Гушчынай, танцавалі пад іх звонкія спевы.

Вядучая праграмы Аксана Вечар крыху расказала пра гісторыю Лагойска (пры гэтым на экране дэманстравалася відэа з вуліц нашага горада), а таксама запрасіла гледачоў у мінскую студыю, дзе аранжыроўшчык Арцём Кандрацюк папрацаваў над народнай песняй «Цвіла ружа пры дарозе». Ён стварыў арыгінальную версію ў сучасным стылі, надаўшы ёй новае гучанне. Абноўлены варыянт выканаў выкладчык сталічнага каледжа мастацтваў, спявак, кампазітар Дзяніс Ліс. Як гэта ў яго атрымалася, можна паглядзець на юцюб-канале «Беларусь 3», дзе выпуск праграмы «Наперад у мінулае» за 8 жніўня 2021 г. з удзелам лагойскіх ансамбляў знаходзіцца ў вольным доступе.

Алена Масцерава.