Новости
У Лагойскім раёне здымалі фільм «Праведнік»
главное
963 дня(-ей) назад
2
4

Расійскі рэжысёр Сяргей Урсуляк прыступіў да здымкаў фільма «Праведнік» з Аляксандрам Яцэнкам у галоўнай ролі. З 6 па 7 жніўня здымачная група працавала на тэрыторыі Лагойскага раёна, а дакладней – на полі за Гасцілавічамі ў бок Панізоўя.

У аснове мастацкага фільма гісторыя пра подзвіг Мікалая Кісялёва – савецкага афіцэра, які ў жніўні-кастрычніку 1942 г. вывеў больш за 200 яўрэяў з Даўгінаўскага гета за лінію фронту. Ён выконваў гэту задачу з партызанамі атрада «Мсцівец». Рызыкуючы сваім жыццём, вёў старых, жанчын, дзяцей паўтары тысячы кіламетраў на ўсход…

У 2005 г. Мікалаю Кісялёву прысвоілі званне «Праведнік народаў свету», а нашчадкі выратаваных ім людзей штогод збіраюцца ў Тэль-Авіве 5 чэрвеня, у дзень апошняга смяротнага пакарання ў Даўгінаўскім гета. Дарэчы, Генадзь Астроўскі узяў за аснову сцэнарыя расказы ўдзельнікаў драматычных падзей і іх сваякоў.

Ролю Мікалая Кісялёва выконвае Аляксандр Яцэнка. У фільме таксама здымаюцца Чулпан Хаматава, Канстанцін Хабенскі, Любоў Канстанцінава, Яўген Ткачук, Фёдар Дабранраваў, Сяргей Макавецкі і іншыя. У карціне прымуць удзел і акцёры з Расіі і Ізраіля. У гэтых жа краінах будуць здымацца некаторыя сцэны фільма, які ў пракат плануюць выпусціць у 2022 годзе.

У сцэнах, над якімі працавалі на Лагойшчыне, выкарыстоўвалася рэтра-тэхніка з музея в. Заброддзе Вілейскага раёна. Як расказаў яго супрацоўнік Аляксандр Мароз, адным з аўтамабіляў упраўляў галоўны герой. Па сцэнарыю на полі за Гасцілавічамі ўзрываліся міны, было задзейнічана 400 чалавек масоўкі. Сам працэс здымкаў ускладняўся моцным даждом, які ішоў у пятніцу. Аднак патрэбныя кадры былі зняты, і здымачная група адправілася ў раён Заслаўя, дзе праца над фільмам працягнецца далей.

– Яшчэ год назад мы атрымалі задачу знайсці на Міншчыне месца, якое б адпавядала ўсім патрабаванням для здымкаў пэўных эпізодаў, – падзяліўся супрацоўнік музея. – Патрэбна была ўзгоркавая, з лесам мясцовасць без будынкаў на гарызонце. Такую мы знайшлі тут, на Лагойшчыне, дзе, думаю, здымкі прайшлі паспяхова.  

Алена Масцерава.