Новости
Народныя песні, вянкі, нячысцікі, вогненнае шоу
У Лагойску адсвяткавалі Купалле
главное
1021 дня(-ей) назад
2
4

Па народным календары Купалле адзначаецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня. У Лагойску яго святкаванне перанеслі на 9 ліпеня, і вечар пятніцы дазволіў сабраць у парку вялікую колькасць людзей.

Яшчэ да пачатку канцэрта пачалі працу традыцыйныя гандлёвыя і забаўляльныя кропкі, дзе можна было пачаставацца прысмакамі, пакатацца на атракцыёнах, праверыць сваю меткасць і г. д.

Але самай прыцягальнай стала пляцоўка побач са сцэнай, дзе чароўныя Кацярына Мароз і Таццяна Камінская плялі вянкі, якія можна было набыць або сплясці самім з прапанаваных рамонкаў і іншых палявых кветак. Дзякуючы супрацоўніцам Дома рамёстваў па парку гулялі прыгажуні ў шыкоўных вянках.

Беларускія песні ў выкананні «Лагойскай жывіцы» сабралі публіку перад танцпляцоўкай. Таленавітыя жанчыны з райцэнтра пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мірончыка стварылі настрой сапраўднага народнага свята.

А прадоўжылася яно музычна-тэатральнай пастаноўкай у выкананні работнікаў Лагойскага раённага цэнтра культуры і выхаванцаў студый. Па традыцыі, купальскі сюжэт быў заснаваны на канфлікце паміж добрымі і злымі сіламі. З аднаго боку – чыстыя сэрцам людзі, што шануюць традыцыі, сябруюць, кахаюць, жадаюць усім дабра. З другога – нячысцікі, якія заўсёды хочуць або сапсаваць свята, або скрасці штосьці каштоўнае. Своеасаблівы творчы батл паміж імі горача падтрымлівала публіка. Яскравым момантам у ім стала выступленне ансамбля бытавога танца «Суботка».

Памірыць малады гурт Купаліша і Купалінкі з кампаніяй Вадзяніка, Лешага і Русалкі дапамагло сімвалічнае купальскае вогнішча, праз якое яны скакалі прама на сцэне. Агонь у купальскую ноч набывае чароўную сілу і выганяе ўсё дрэннае з сэрцаў і душаў.

Тэму ачышчальнага агню прадоўжыла сталічная арганізацыя, якая стварыла перад лагайчанамі феерычнае вогненнае шоу.

А потым усе ўдзельнікі свята сабраліся вакол ужо сапраўднага купальскага вогнішча. Стагоддзямі беларусы звязвалі з ім надзеі на новы ўраджай, моцнае здароўе і шчаслівае жыццё. Няхай усё гэта будзе ў нашых сучаснікаў.

Алена Масцерава.