Новости
Свята вёскі атрымалася вельмі шчырым
главное
1035 дня(-ей) назад
2
4

У мінулую суботу свята сваёй вёскі адзначылі жыхары Лагоў. Гэты населены пункт у Швабскім сельсавеце мае багатую гісторыю, якая бярэ пачатак у 18 стагоддзі. За гэты час мяняліся ўлады, умовы жыцця і працы сялян, нязменным заставался толькі  іх любоў да роднага куточка і хлебаробскае служэнне зямельцы.

Першай землякоў вітала старшыня мясцовага сельвыканкама Людміла Тупік. Яна падзякавала прысутным за іх працавітыя рукі, руплівасць у хатніх справах, імкненне падтрымліваць парадак на сядзібах, за добрыя сэрцы, чуласць і ўзаемадапамогу, якая пануе паміж вяскоўцамі.

Намесніка старшыні райвыканкама па эканоміцы Аляксандра Бойку ўразіла тое, што, нягледзячы на спякоту, людзі праявілі павагу да сваёй малой радзімы і сабраліся на свята. Аляксандр Віктаравіч павіншаваў жыхароў і пажадаў ім у першую чаргу моцнага здароўя.

Трэба сказаць, гэта вельмі актуальна на сённяшні дзень. Менавіта па прычыне ізаляцыі на свяце не магла прысутнічаць сям’я, у якой выхоўваецца самая маленькая жыхарка Лагоў Паліна Мароз. Аднак вядучыя Аксана Аляшкевіч і  Кацярына Тупік расказалі пра гэтае дружнае сямейства, якое выхоўвае траіх дзяцей, трымае вялікую падсобную гаспадарку.

А вось самымі сталымі ў вёсцы з’яўляюцца Васіль Скарабагаты і Леаніда Мароз. Васіль Сцяпанавіч разам з жонкай Леанідай Уладзіміраўнай у наступным годзе будуць адзначаць брыльянтавае вяселле.  Яны выхавалі 5 дзяцей, дапамагалі падымаць 9 унукаў і радуюцца за траіх праўнукаў.

Леаніда Канстанцінаўна 2 жніўня адзначыць 90-гадовы юбілей, з якім яе павіншуюць 5 дзяцей, 11 унукаў і 9 праўнукаў. Яна самая багатая на нашчадкаў жанчына ў вёсцы.

Наогул, трэба падзякаваць арганізатарам мерыпрыемства, якія не забылі ні пра аднаго земляка. Адрасавалі кожнаму словы шчырай падзякі за працавітасць і самыя лепшыя якасці характару. Як высветлілася, у Лагах маюць тэхніку для апрацоўкі ўчасткаў, трымаюць конікаў, кароў, коз, свінак, птушак.

Прыклад у гэтым паказвае сям’я вясковага старасты Віктара Скарабагатага. Разам з жонкай яны выхавалі траіх дзяцей. А цяпер у іх доме чуюцца галасы ўнукаў. Іх сямёра. І ўсе з радасцю спяшаюцца ў Лагі. І не толькі для таго, каб адпачыць на свежым паветры, пачаставацца малаком і гароднінай, але і дапамагчы па гаспадарцы, бо трэба назапасіць сена для каня і каровы, прапалоць грады, якія займаюць 30 сотак.

Нагадаў Віктар Восіпавіч легенду пра паходжанне назвы Лагі, падзякаваў аднавяскоўцам за тое, што ўмеюць жыць у згодзе, і пажадаў, каб радавалі ўсіх дзеці і ўнукі, каб не змаўкалі наўкол шчаслівыя галасы.

 

Лепшым сярод падворкаў быў прызнаны той, пра які дбае яго гаспадыня Зінаіда Цішкевіч. Жанчына даўно страціла мужа, але адчувае пастаянную падтрымку сына і двух дачок, якія часта наведваюцца ў бацькоўскі дом.

На працягу двух гадзін гучалі цёплыя словы віншаванняў, уручаліся падарункі, адрасаваліся музычныя прывітанні ад ансамбля «Медуніца» з Астрошыц, якія суправаджаліся дружнымі апладысментамі.

Падрабязна пра гэта можна будзе прачытаць у адным з бліжэйшых нумароў газеты.

Валянціна КОРЗУН.

Фота Святланы ЖОЛУД.