Новости
Лагойшчына далучылася да абласнога марафона «ARTmix»
главное
1036 дня(-ей) назад
2
4

Канцэрт «Нас мільёны», які адбыўся 19 чэрвеня ў Лагойскім цэнтры культуры, паказаў лепшыя дасягненні творчых калектываў раёна. І гэта сапраўды былі яркія, самабытныя нумары.

Паводле рэжысёрскай задумкі Іны Сарокі, выступленні Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў чаргаваліся з відэазапісамі, на якіх можна было ўбачыць краявіды Лагойшчыны, пачуць вершы беларускіх аўтараў у выкананні вучняў і таленавітага педагога. Гучнымі авацыямі праводзілі гледачы ўдзельнікаў тэатральнага калектыву «Маскі», якія выступілі з інсцэніроўкай казкі Уладзіміра Караткевіча «Чортаў скарб».

Як заўсёды, прафесійна гучала музыка ў выкананні народнага ансамбля народнай музыкі «Лагожа», вучнёўскага трыа «Акардыяна» і гурта педагогаў Людмілы Дуганавай, Таццяны Падабедавай, Аляксандры Ісаенкі, якія інструментальным трыа сустракалі гасцей у фае. Там жа, дарэчы, была наладжана выстава малюнкаў вучняў мастацкага аддзялення. Можна было ўбачыць вырабы майстроў раённага Дома рамёстваў, пазнаёміцца з мастацкімі кнігамі, інфармацыйнымі буклетамі, выдадзенымі Лагойскай цэнтральнай раённай бібліятэкай, супрацоўнікі якой падрыхтавалі таксама матэрыялы на тэму літаратурнай Лагойшчыны.

Узорны ансамбль народнай песні «Валошкі», харэаграфічны ансамбль «Квецень», дзяўчынка са срэбраным голасам Марыя Антаневіч – школа мастацтваў сапраўды захапіла публіку сваёй творчасцю.

Але гэта была толькі частка вялікага канцэрта. Вакальная група «Median voice» Плешчаніцкага цэнтра культуры і народны ансамбль «Лагойская жывіца» выступілі на ім дыстанцыйна. Гледачы горача падтрымалі апладысментамі калектыў Уладзіміра Мірончыка, які 19 чэрвеня выступаў у Мядзелі на рэспубліканскім фестывалі «Пеўчае поле».

Затое студыі «Акварэль» і «Млечны шлях», прафесіяналы Лагойскага РЦК стварылі на сцэне сапраўдную феерыю танца і песні. Нацыянальным каларытам дапоўнілі іх таленавітыя «Хатавіцкія музыкі» з Акцябрскага дома культуры і шаноўная «Суботка» з райцэнтра.

Эфектным атрымаўся фінальны выхад пад песню «Нас мільёны», калі на сцэне і ў глядзельнай зале апынуліся ўсе ўдзельнікі канцэрта. Нездарма, калі першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Таццяна Хмель звярталася да публікі з заключным словам, яе перапаўнялі эмоцыі.

– Мы сталі сведкамі цудоўнага мерапрыемства, – зазначыла Таццяна Мікалаеўна. – Суквецце талентаў Міншчыны ўскалыхнула маю душу. Я шчаслівая, што сёння яшчэ больш даведалася пра культуру Лагойшчыны. Колькі намаганняў вы прыкладаеце для таго, каб квітнеў ваш родны край! Кажуць, культура вечная, і сёння мы ўпэўніліся ў гэтым. Усё можна забыць, а культуру – ніколі. Няхай жыве і квітнее наша галіна!

Таццяна Хмель выказала вялікую ўдзячнасць маленькім і дарослым артыстам і ўручыла дыплом за ўдзел у абласным творчым марафоне «ARTmix» начальніку райаддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алене Сяліцкай.

Алена Масцерава.

Фото Светланы ЖОЛУД.