Новости
На выхадных чакаецца спёка. Захоўвайце меры бяспекі!
главное
1036 дня(-ей) назад
2
4

Паводле звестак Белгідраметцэнтра, у выхадныя наступіць 30-градусная спёка. Чакаецца, што ў пачатку наступнага тыдня слупкі тэрмометра перасягнуць і гэту адзнаку.

У такое сонечнае, сухое надвор’е людзі імкнуцца да вады. У Лагойскім раёне, згодна з рашэннем райвыканкама, вызначаны тры месцы для масавага адпачынку на вадаёмах. Купацца можна на азёрах, размешчаных на тэрыторыі гарналыжных комплексаў «Лагойск», «Сілічы» і ў «Расохах».

А за купанне ў забароненых месцах прадугледжана адказнасць па арт. 24.42 КоАП РБ (штраф ад адной да трох базавых велічынь).

Каб адпачынак прайшоў без наздвычайных здарэнняў, трэба захоўваць простыя правілы бяспекі:

Цвяроза ацэньвайце свае магчымасці, не заплывайце далёка, плывіце не ад берага, а ўздоўж яго.

Перад заплывам не ўжывайце алкагольных напояў.

Не купайцеся і не нырайце ў незнаёмых месцах.

Не пакідайце дзяцей без нагляду, тым больш не дазваляйце ім купацца адным.

Падчас адпачынку не пакідайце свае рэчы без нагляду, таму што некаторыя наведнікі пляжаў прыходзяць на яго зусім не з мэтай адпачыць, а каб узбагаціцца за кошт іншых.

А яшчэ, як адзначыў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Лагойскага РАУС Аляксей Канашонак, калі вы знайшлі ў грамадскіх месцах, у тым ліку на пляжах, падазроныя рэчы без нагляду і не ведаеце, хто іх гаспадар, тэрмінова паведамляйце пра іх у міліцыю па тэлефоне 102. Не набліжайцеся і не дакранайцеся да іх, да прыезду міліцыі адыдзіцеся на бяспечную адлегласць месца (не менш за 50 метраў).

Пры высокіх тэмпературах паветра не дапускайце перагрэву арганізму і піце дастатковую колькасць вады.

Алена Масцерава.