Новости
Пераможцамі ў раённым этапе конкурса “Уладар сяла” стала сям’я з Алекшыц
главное
1044 дня(-ей) назад
2
4

У Гасцілавічах у адзінаццаты раз у нашым раёне прайшоў конкурс маладых сем’яў “Уладар сяла”. Удзел у ім прынялі 8 каманд з розных сельсаветаў: шматдзетныя сем’і Васілеўскіх з Чудзеніч, Палянскіх з Алекшыц, Касоўскіх з Крайска, Коцяш з Задор’я, бацькі-выхавальнікі Звягіны з Гасцілавіцкага дзіцячага дома сямейнага тыпу са сваімі выхаванцамі. А яшчэ сям’я Есіных, дзе дзве дачушкі, Грэчыхіны з Паграбішча таксама з дзвюма дзяўчынкамі і акалоўская сям’я Тарасавец, дзе адна дачушка.

Ужо з першага конкурса-прывітання, падчас якога трэба было не толькі расказаць пра сям’ю, але апісаць адзін дзень з яе жыцця і прадэманстраваць кулінарныя ўменні, вызначыліся лідары. Хаця, дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што кожная з каманд была цікавая і ў нечым асаблівая. Так, да прыкладу, муж і жонка Тарасавец – працаўнікі лесу. А вось Грэчыхіны – людзі творчыя: Аляксандр займаецца разьбярствам і рэстаўрацыяй мэблі, а яго жонка Галіна – хатняй гаспадаркай і ў вольны час вырабляе цікавыя рэчы з палімернай гліны. Сям’я Касоўскіх удзельнічае ў праекце ўжо не першы раз, некалі ім нават давялося прадстаўляць Барысаўскі раён на абласным этапе.З дзевяццю дзецьмі-выхаванцамі прыйшлі на конкурс Звягіны. Зразумела, што і з любым заданнем гэта сям’я спраўлялася хутка.

Конкурс дрывасекаў, падчас якога бацькам прапаноўвалася распілаваць бярвенне на тры часткі, а потым кожную парубіць на чатыры палена, вызначыў, хто з гэтай справай знаёмы з дзяцінства, а каму звычайную пілу давялося ўзяць упершыню.

У наступным конкурсе спрытна справілася з чысткай гародніны Галіна Грэчыхіна, Анжэліка Палянская, Дзіяна Тарасавец. Спрытна назбіралі кошыкі з бульбай вялікія сем’і Касоўскіх, Коцяш. Старанна дапамагалі бацькам дзяўчынкі Еніны.

Цікава наладзіла працэс пераноскі вады сям’я Звягіных. Каля кожнай з бочак сталі па двое сыноў: адны зачэрпвалі ваду, другія дапамагалі зліваць яе. Бацьку толькі заставалася бегаць ад адной бочкі да другой. Зразумела, што з заданнем Звягіны справіліся хутчэй за іншых.

Апошні конкурс быў самы складаны. У ім трэба было знайсці агульную мову з жывёлай. Прычым так, каб каза (а гэта надзвычай капрызная істота) дазволіла сябе падаіць. Добрая перавага ў гэтым конкурсе была ў Галіны Грэчыхінай. Па-першае, таму, што яна па жараб’ёўцы была першай, а па-другое, гаспадыня на сваім падворку ўтрымлівае ажно пяць коз і дакладна ведае, як з імі абыходзіцца. Падкарміўшы красуню свежай морквай, яна прынялася даіць. І ўжо ў шклянку цвірчэла малако, як нешта пайшло не так. Жывёліна ўзбрыкнула, распляскаўшы надоенае, і больш да сябе нікога не падпусціла. Амаль удалося ўгаварыць казу старэйшай дачцэ Звягіных Арсеніі, але ў апошні момант капрызная жывёліна перадумала. На гэтым было вырашана конкурс спыніць.

Доўга члены журы вялі абмеркаванне, вызначаючы пераможцаў: як ужо казала, кожная сям’я была годная стаць ім. Але лічбы і балы – рэч няўмольная.

Падводзячы вынікі, старшыня журы Наталля Петрушэнка павіншавала з добрым святам усіх: канкурсантаў, групы падтрымкі, гасцей. І абвясціла вынікі.

Так, трэцяе месца ў конкурсе і падарунак, 2 мяшкі пшаніцы, атрымала сям’я Коцяш з Задор’я. Другое месца і аналагічны прыз дастаўся Касоўскім з Крайска. Пераможцамі конкурсу сталі Палянскія з вёскі Алекшыцы. Яны атрымалі 3 мяшка пшаніцы і батут. Гэта быў сапраўдны падарунак на юбілей гаспадыні – Анжэлікі Леанідаўны, якая ў дзень конкурсу адзначыла сваё 30-годдзе. Усе астатнія ўдзельнікі атрымалі суцяшальныя падарункі – па адным мяшку зерня. А ўсе дзеці – салодкія прызы.

Дарэчы, спонсарам стаў СК “Лагойскі”.

Ірына Станкевіч.