Новости
Свята вёскі сабрала ў Задворніках гасцей з розных мясцовасцяў
главное
1021 дня(-ей) назад
2
4

12 чэрвеня ў Задворніках Плешчаніцкага сельсавета прайшло свята вёскі. Прыгожыя вершы пра родны край, беларускія песні, народныя і эстрадныя, аповеды пра гісторыю вёскі – святочная праграма была душэўная, яркая, таленавітая. Яе падрыхтавалі артысты Мятлічыцкага сельскага цэнтра культуры пад кіраўніцтвам загадчыцы Жанны Сінькевіч, прадстаўнікі Плешчаніцкага цэнтра культуры і народны ансамбль «Жывіца» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мірончыка.

Работнікі Плешчаніцкага сельвыканкама, які выступіў арганізатарам мерапрыемства, папрацавалі над добраўпарадкаваннем пляцоўкі для канцэрта, устанавілі новыя драўляныя лавачкі, частавалі гасцей свята цукеркамі і дарылі ім кветкі для ўпрыгожвання двароў.

– Ваша вёска ціхая, спакойная, утульная, – зазначыў, адкрываючы свята, старшыня сельвыканкама Аляксандр Сідарэвіч. – І вельмі прыемна прыязджаць сюды і бачыць, як вы стараецеся падтрымліваць на бацькоўскіх сядзібах парадак і чысціню.

Як расказалі вяскоўцы, напярэдадні свята тут адрамантавалі калонку, а яшчэ ім паабяцалі ўстанавіць на адной з вуліц ліхтар.

На вясковую ўрачыстасць сабраліся выхадцы з гэтай вёскі, якія пражываюць у розных куточках Міншчыны. Прыехалі людзі з суседніх вёсак, раёнаў, сталіцы.

Сярод іх, напрыклад, была Таццяна Пучак, удзельніца Алімпійскіх гульняў у Пекіне, якая зараз з’яўляецца старшым трэнерам жаночай нацыянальнай зборнай па тэнісе. Неўзабаве яе падапечныя паедуць на алімпіяду ў Токіа. А пакуль падчас невялікага водпуску жанчына з дачкой прыехала ў вёску, дзе жылі яе бабуля і дзядуля, куды прыязджае на летні сезон тата Мікалай з сястрой Ганнай.

– Лета ў вёсцы – гэта самы здаровы і вельмі актуальны на сёння від адпачынку, – лічыць майстар спорту міжнароднага класа. Яна, як і іншыя гараджане, карані якіх знаходзяцца ў Задворніках, заўсёды з радасцю прыязджае на малую радзіму.

Падрабязней пра вёску і яе жыхароў чытайце ў адным з бліжэйшых выпускаў раённай газеты "Родны край".

Алена Масцерава.