Новости
У парку расце Пятроў крыж. У чым яго ўнікальнасць?
главное
1057 дня(-ей) назад
2
4

У Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя расказваем пра адну цікавую расліну, якая расце ў Лагойскім парку. Фотаздымак быў зроблены некалькі дзён таму, і, магчыма, сёння асноўная частка кветкі ўжо пад зямлёй. А ўсё таму, што Пятроў крыж, або мышыная трава, баравец, цар-трава, патаемніца, з’яўляецца паразітам, які жыве за кошт іншых раслін, і расцвітае на кароткі тэрмін.

Сустракаецца ён рэдка, пераважна ў шыракалістных лясах, а ў парку такія дрэвы якраз ёсць. У ім цалкам адсутнічае хларафіл, таму на сцябліне няма зялёных лістоў, а толькі белыя лускавінкі. Карані Пятровага крыжа прымацоўваюцца да каранёў дрэў і кустоўя, ад якіх расліна харчуецца, і расцягваюцца на вялікія адлегласці. Адна з версій паходжання назвы – менавіта з-за крыжападобных спалучэнняў каранёвых адросткаў.

Суквецці ў Пятровага крыжа сустракаюцца ад ружаватага да фіялетавага колеру ў залежнасці ад віду расліны. Яны прабіваюцца з-пад зямлі толькі на тыдзень-два вясной ці ў пачатку лета, потым жаўцеюць і знікаюць да наступнай вясны. Корань расліны белы, а высушаны – чорны.

Пятроў крыж атрутны! Але, нягледзячы на гэта, ён здаўна выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне пры некаторых захворваннях, напрыклад, мае супрацьпухлінны эфект. У сувязі з гэтым у народзе існуюць легенды пра цудадзейную сілу гэтай таямнічай расліны.

Напрыклад, на Дубровеншчыне расказваюць, што аднойчы на людзей напалі розныя пошасці, ад якіх выміралі цэлыя паселішчы. Адзін юнак, сям’я якога злегла ад хваробы, пайшоў у белы свет у пошуках паратунку. Па дарозе сустрэў трох вандроўнікаў – Пятра, Паўла і Андрэя. Яны паказалі яму тры травы, з якіх можна прыгатаваць лекі, а потым раптоўна зніклі.

Юнак сабраў гэтыя расліны, зрабіў адвары, якія дапамаглі людзям вылечыцца. Калі хлопец расказаў, хто яму даў параду, усе зразумелі, што гэта прарокі. Дзве расліны, на якія яны паказалі, былі вяскоўцам вядомыя – аер і багуннік. А трэцюю, месца цвіцення якой нагадвала крыж, назвалі Пятровым крыжом у гонар аднаго з прарокаў.

Гэту рэдкую кветку здаўна шукалі ў ноч на Пятра і Паўла, як на Купалле – папараць-кветку. Лічылася, што калі выдзерці квітнеючы Пятроў крыж з коранем, то ён пакажа, дзе знаходзяцца скарбы, а, прынесены ў хату, зробіць гаспадароў багатымі.

Пятроў крыж лічыцца раслінай-абярэгам, таму яго бралі з сабой у дарогу. 

Калі будзеце ісці ў парку да маста праз Гайну, то справа ад стадыёна ўважліва глядзіце на зямлю паміж ліпамі і клёнамі. Недзе там жыве расліна, авеяная паданнямі і надзеленая, паводле вераванняў старажытных беларусаў, магічнымі здольнасцямі…

Беларуская прырода вельмі разнастайная, і ад кожнага з нас залежыць захаванне гэтага багацця для будучыні.

Алена Масцерава.