Новости
Нашы школьнікі ўвайшлі ў лік лепшых прадпрымальнікаў Міншчыны
главное
1076 дня(-ей) назад
2
4

На базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі прайшоў V абласны фестываль «Школа прадпрымальніцтва». Выдатныя вынікі на ім паказалі прадстаўнікі Лагойскага раёна.

На першым этапе журы ацэньвала 39 бізнес-планаў удзельнікаў з усяго цэнтральнага рэгіёна. У другі этап прайшлі 14 вучнёўскіх бізнес-кампаній з Барысаўскага, Дзяржынскага, Лагойскага, Мінскага,  Смалявіцкага і Чэрвеньскага раёнаў.

У анлайн-фармаце юныя прадпрымальнікі прэзентавалі свае бізнес-кампаніі і адказвалі на пытанні экспертнага журы. Вынікі падводзіла яго старшыня, дырэктар інкубатара малога прадпрымальніцтва УП «УІН» Алена Яшовіч.

Кожны ўдзельнік ад Лагойскага раёна стаў пераможцам адразу ў дзвюх намінацыях. Так, вучнёўская кампанія «Крайскія фантазіі» атрымала спецыяльныя дыпломы ў намінацыях «Лепшая бізнес-ідэя» і «Лепшая прэзентацыя бізнес-кампаніі». У апошняй намінацыі адзначана таксама вучнёўская бізнес-кампанія «Скарбніца» Плешчаніцкай СШ № 1, якая стала пераможцай і ў катэгорыі «Эфектыўнае прасоўванне тавара ці аказваемай паслугі».

Як расказала дырэктар Крайскай СШ Святлана Петрашкевіч, асноўны накірунак працы школьнай бізнес-кампаніі –  пляценне вырабаў з лазы (карзіны, хлебніцы і іншыя). Над рэалізацыяй праекта займаецца група вучняў пад кіраўніцтвам настаўнікаў Ларысы Сабалеўскай, Аляксандра Паўлоўскага, Людмілы Цалабанавай. А годна прадставіў вынікі дзейнасці школьнай бізнес-кампаніі «Крайскія фантазіі» на абласным фестывалі дзевяцікласнік Уладзіслаў Сідарэнка.

У першай школе гарадскога пасёлка займаюцца вырабам і рэалізацыяй кухонных прылад – драўляных і з тканіны. Перспектыўным праектам кіруюць педагогі Таццяна Мірановіч і Марына Гарохавік, якія разам з вучнямі праводзяць даследаванне рынку, вывучаюць попыт пакупнікоў. Сумесна з настаўнікамі працы дзеці займаюцца вырабам прадукцыі, а потым прадаюць яе на кірмашах і падчас іншых мерапрыемстваў.

Бізнес-кампанія «Скарбніца» выдатна зарэкамендавала сябе ў абласным праекце «Прадпрымальніцкая ініцыятыва, фінансавая граматнасць, сучасная адукацыя: новыя драйверы эканомікі» ў Слуцку. Дар’я Шыла прыняла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе бізнес-ідэй і бізнес-праектаў «Прыступкі поспеху» ў Нацыяльным дзіцячым цэнтры «Зубраня», дзе атрымала дыплом ІІІ ступені. А на «Школе прадпрымальніцтва» паспяхова прэзентавала кампанію васьмікласніца Дар’я Хабібулаева.

Алена Масцерава.