Новости
Лагайчанка стала прызёрам рэспубліканскага конкурсу творчых работ
главное
1120 дня(-ей) назад
2
4

Лагайчанка Вольга Вярбіцкая прыняла ўдзел у І рэспубліканскім конкурсе творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю», арганізатарам якога была Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Конкурс быў прымеркаваны да завяршэння трохгоддзя роднай зямлі ў нашай краіне.

Усяго ў ім ўдзельнічалі 850 чалавек, 200 з іх сталі пераможцамі ў розных намінацыях. Наша зямлячка была адзначана ў намінацыі «Магутная сіла паэзіі».

Урачыстае ўзнагароджанне адбылося 26 сакавіка ў вялікай канферэнц-зале Прэзідыума НАН Беларусі з удзелам акадэмікаў, супрацоўнікаў Інстытутаў мовазнаўства і літаратуразнаўства, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры і інш.

Акрамя дыпломаў творцы з розных куточкаў краіны атрымалі падарункі і пабывалі з экскурсіяй у батанічным садзе.

– Мне было вельмі прыемна пазнаёміцца з цікавымі, творчымі людзьмі, – расказала Вольга Вярбіцкая, удзельніца раённага літаратурнага аб’яднання «Рунь», абласнога народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца». – Як былы экскурсавод, я была вельмі рада атрымаць у падарунак шыкоўна ілюстраваную краязнаўчую кнігу «99 знаменитых мест Беларуси».

Аматарка паэзіі, аўтар вершаванай кнігі «Души божественной родник» прызналася, што даведалася аб правядзенни конкурсу з газеты «Рэспубліка».

Напярэдадні свайго 65-годдзя Вольга Вярбіцкая заняла ІІ месца і ў дыстанцыйным паэтычным конкурсе для сталых людзей «Пера волшебного творенье», які праводзіў  Пружанскі ТЦСАН.

Алена Масцерава.

 

Мой родны край

Пачуцці льюцца цераз край,
Калі ўбачыш зоркім вокам
Той родны, мілы сэрцу край
І ўсё, што любіш ты навокал.

Старонка любая мая –
Цябе заўсёды я люляю,
У думках, у сэрцы спакваля
Табой душу я наталяю.

Уранку, днём і ўначы
Табе я песню заспяваю,
Цябе я буду берагчы,
Калі бяду-нуду спазнаю.

Старонка мілая мая,
Ты – светач, яркая заранка,
Табой любуюся зноў я
Заўсёды – ўвечары і зранку.

Зямля бацькоў, дзіўлюся я –
Ты мне заўсёды будзеш сніцца,
Я мару аб табе штодня
І буду за цябе маліцца.

Старонка назаўжды мая –
Ты мне, як родная сястрыца,
Матуля і ўся мая сям’я,
не тут пашчасціла нарадзіцца.

Цудоўны край, мая зямля,
Квітней заўжды і ззяй, як сонца,
Ты – подых ветру, спеў салаўя –
Цябе любіць буду бясконца!..

Вольга Вярбіцкая.