Новости
У Дзень Канстытуцыі школьнікам уручылі пашпарты
главное
1138 дня(-ей) назад
2
4

У Лагойскім раённым цэнтры культуры прайшло святочнае мерапрыемства, прысвечанае Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. На ім старшыня Лагойскага райвыканкама Аляксандр Ласевіч уручыў пашпарты 15-ці школьнікам з райцэнтра. Сярод іх актыўныя ўдзельнікі грамадскага жыцця, пераможцы алімпіяд і творчых конкурсаў, выдатнікі, юныя спартсмены, мастакі і музыканты.

– Гэты дакумент адкрывае дарогу ў дарослае жыццё, – зазначыў Аляксандр Георгіевіч. – І разам з тым ён азначае пэўную адказнасць не толькі за сябе асабіста, але і за сваю краіну. Свае галоўныя дарослыя дакументы вы атрымалі ў Год народнага адзінства, таму жадаю, каб вы выраслі сапраўднымі патрыётамі, якія любяць сваю краіну, свой народ, сваю сям’ю. Ведайце: вас заўсёды чакаюць на роднай зямлі, і вы тут вельмі патрэбныя.

З віншаваннямі да прысутных звярнуліся таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Пётр Вабішчэвіч і старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Галіна Бычкоўская.

Аўдыторыю святочнага канцэрта складалі не толькі вучні, якія атрымалі пашпарты і падарункі, але і іншыя старшакласнікі з райцэнтра, настаўнікі. Гледачы ўдзячна прымалі песні пра родны край, якія гучалі са сцэны, відэаролікі патрыятычнага зместу.

– Я вельмі хвалявалася, калі выходзіла на сцэну, каб атрымаць пашпарт, – падзялілася ўражаннямі васьмікласніца СШ № 1 г. Лагойска Дар’я Вераскун. – Лічу, што кожны грамадзянін рэспублікі павінен быць сумленным, ведаць свае правы і паважаць правы іншых.

Алена Масцерава.