Новости
Дзелімся арыгінальнымі рэцэптамі бліноў
главное
1135 дня(-ей) назад
2
4

Масленічны тыдзень падыходзіць да завяршэння. Калі вы думаеце, як здзівіць сваіх блізкіх незвычайнымі блінамі, то выбірайце рэцэпты з ніжэй прапанаваных. Іх нам даслалі падпісчыкі раённай газеты «Родны край» і нашы сябры ў сацыяльных сетках.

Сачавічныя бліны ад педагога-псіхолага з Лагойска Вольгі Дуброўскай. Трэба ўзяць адну частку сачавіцы («чечевицы») і дзве часткі вады, напрыклад, 150/300 мл. Замачыць на 3 гадзіны, потым здрабніць блендэрам да аднароднасці, дадаць соль, прыправы на смак. Смажыць на сухой або змазанай алеем патэльні. Сачавіцу можна браць чырвоную ці жоўтую. Такія бліны выдатна падаваць на стол у якасці гарніру да мяса або рыбы.

Бліны на піве ад журналіста з Мінска Тамары Вяцкай. Яйка ўзбіваем з соллю і драбком соды, дадаём 2 вялікія лыжкі смятаны, банку лёгкага піва і патроху – муку. Можна яшчэ падліць крыху алею і выпякаць на патэльні.

Бліны са шпінату ад пенсіянеркі з Лагойска Валянціны Загорскай. Размарожаны шпінат здрабняем пры дапамозе блендэра. Робім цеста для тонкіх блінчыкаў: 3 яйкі ўзбіваем, дадаём паўшклянкі малака, драбок солі, шклянку мукі і даліваем яшчэ малака да стану вадкага цеста. Дадаём шпінат. Выпякаем.

Для начынкі чырвоную рыбу рэжам на маленькія кавалачкі, якія выкладваем на блінчыкі, змазаныя сметанковым сырам. Перад падачай на стол наразаем блінчыкі на кавалачкі.

Смачна есці!

Алена Масцерава.