Новости
У Лагойскім касцёле адзначылі дзень памяці Святога Казіміра
главное
1143 дня(-ей) назад
2
4

Штогод 4 сакавіка ў Лагойскім касцёле праходзіць урачыстая імша ў гонар Святога Казіміра, іменем якога названы храм.

Напачатку пробашч Лагойскай парафіі ксёндз Войцех Вальчына прадставіў святароў, якія прыехалі, каб паўдзельнічаць у святочным набажэнстве. Узначальваў імшу ксёндз Сяргей Дабрагост з супольнасці Місіянераў Святой Сям’і з Дзяржынска.

Доктар тэалагічных навук, ксёндз Генрых Аталатовіч з Валожына выступіў з казаннем.

– Святы Казімір – асоба, якая вельмі добра можа навучыць чалавека служыць Богу, выконваць яго запаветы, – сказаў святар. – Сённяшняе свята гаворыць: чалавек, кім бы ты ні быў, якую б пасаду ні займаў, памятай, што яна часовая, што над табой у небе ёсць той, перад кім будзеш адказваць за сваё жыццё.

Ксёндз адзначыў, што Святы Казімір нарадзіўся ў каралеўскай сям’і, перад ім былі адкрыты ўсе дзверы, але ён з маленства палюбіў Пана Езуса і ішоў Божай дарогай, адзначаўся вялікай пабожнасцю і любоўю да бедных людзей.

Святар звярнуў увагу на тое, што менавіта бацькі адказныя за выхаванне дзяцей добрымі хрысціянамі, што яны павінны быць першымі настаўнікамі веры для сваіх нашчадкаў.

Дзень памяці Святога Казіміра ксёндз параўнаў з днём нараджэння касцёла, парафіі і з днём нараджэння ў сям’і. А як на любую сямейную ўрачыстасць спяшаюцца да сваіх бацькоў дзеці, так і ў дзень Святога Казіміра ў касцёл павінны спяшацца парафіяне.

Напрыканцы імшы ксёндз Войцех падзякаваў усім за ўдзел у набажэнстве, у тым ліку гасцям, сярод якіх быў дырэктар «Радыё Марыя» ксёндз Аляксандр Фаміных  і колішні пробашч Лагойскай, а зараз Клецкай парафіі ксёндз Павел Слука.

Парафіяне таксама выказалі ім словы падзякі і ўручылі святарам падарункі. Вернікі выходзілі з касцёла ў цьмяны вечаровы Лагойск са святлом у сэрцы.

Даведка: Святы Казімір – сын Вялікага князя Літоўскага і караля Польшчы Казіміра Ягелончыка, апякун Беларусі, Літвы і Польшчы, заступнік моладзі, майстроў і рамеснікаў, вядомы сваёй набожнасцю.

Ён быў абраны венгерскім каралём, але хутка адмовіўся ад трона, каб цалкам прысвяціць сябе малітве. Памёр у маладым узросце ад сухот 4 сакавіка 1484 г. у Гродне, дзе таксама ўшаноўваецца памяць святога. Пазней яго прах быў перавезены ў Вільню.

У 1604 г. каралевіча кананізавалі. Яго мошчы пахавалі ў Віленскім кафедральным саборы. З часу кананізацыі ў Вільні штогод ладзяцца шэсці і ўзнікла традыцыя праведзення кірмашоў пад назвай Казюк. Асноўныя атрыбуты такіх фэстаў – віленскія вербы, пернікі, а раней былі смургонскія баранкі.

У нядзелю, 7 сакавіка, у Віленскім архікатэдральным касцёле адбудзецца святая імша, прысвечаныя Святому Казіміру, па-беларуску.

Алена Масцерава.