Новости
Псіхолаг Алена Міхаленя рыхтуецца да абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства
главное
1152 дня(-ей) назад
2
4

На базе Лагойскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра прайшоў раённы этап конкурсу прафесійнага майстэрства «Педагог-псіхолаг». Удзельнікамі яго сталі 8 чалавек, якія прадставілі на суд журы партфоліа, куток псіхалагічнай разгрузкі ў кабінеце і відэазапіс занятку.

У другі тур раённых выпрабаванняў выйшлі 4 спецыялісты. Ім трэба было правесці заняткі ў незнаёмых дзіцячых калектывах, прайсці тэсціраванне на веданне асноўных нарматыўных дакументаў.

Усе спецыялісты пры гэтым паказалі высокі ўзровень прафесійнага майстэрства. А фіналістамі раённага этапу сталі педагогі-псіхолагі Вольга Астроўка (Крайская СШ) і Зоя Пятроўская (Лагазінская СШ). Пераможцай была прызнана Алена Міхаленя, педагог-псіхолаг СШ № 1 г. Лагойска, якая ў дадзены момант рыхтуецца да абласнога этапу.

– Першая яго частка праходзіць у завочнай форме, для якой неабходна зрабіць 7-хвіліннае відэа з заняткаў, напісаць эсэ, прайсці анлайн-тэсціраванне, – расказала Алена Уладзіміраўна. – А тым, хто трапіць у фінал абласнога этапу, трэба будзе падрыхтаваць яшчэ візітку і майстар-клас.

Спецыяліст адзначыла, што ўдзел у конкурсе ўжо прынёс шмат цікавага вопыту. Напрыклад, яна навучылася працаваць з камп’ютарнай праграмай, якая дапамагае складаць партфоліа, і выканала яго ў выглядзе маладзёжнага часопіса.

Аленя Міхаленя ўжо пяты год працуе ў Лагойску, а пачынала сваю прафесійную дзейнасць у Стара-Барысаўскай школе пасля заканчэння БДПУ імя Максіма Танка. Галоўным у сваёй прафесіі лічыць дапамагаць дзецям разбірацца ў складаных сітуацыях, размаўляць з імі, каб кожны, хто мае патрэбу, атрымліваў псіхалагічную дапамогу.

Алена Масцерава.