Новости
Школьнікі раёна спаборнічалі ў алімпіядзе па Правілах дарожнага руху
главное
1169 дня(-ей) назад
2
4

Штогод вучні нашай краіны ўдзельнічаюць у алімпіядзе па Правілах дарожнага руху. Як і любая алімпіяда па вучэбных прадметах, яна праходзіць у некалькі этапаў.

На гэтым тыдні на Лагойшчыне адбыўся раённы этап. Удзел у ім прынялі 19 каманд. Аднак вучняў з усяго раёна не збіралі ў адзін дзень: яны прыязджалі ў СШ № 1 г. Лагойска па некалькі груп у розныя дні.

Юныя эрудыты змагаліся ў кабінеце інфарматыкі, дзе ўсталявана адпаведная праграма, што дазваляе праводзіць тэсціраванне па ПДД. Кантраляваў выкананне заданняў настаўнік Мікалай Чарноў.

Мы пабывалі на алімпіядзе ў апошні дзень правядзення, 11 лютага, калі свае веды паказвалі дзеці з Сямкоўскай, Астрошыцкай, Гасцілавіцкай і Косінскай школ.

Некаторыя з іх удзельнічаюць упершыню, як, напрыклад, пяцікласніца Юлія Рахоўская з Астрошыц. Нягледзячы на гэту акалічнасць, дзяўчынка выканала 10 заданняў з 10-ці за 40 секунд – і гэта найлепшы вынік сярод вучняў 5 класаў.

А Яўген Скарабагатаў з Сямкоўскай школы па часе не стаў лідарам сярод шасцікласнікаў, затое не памыліўся ні ў адным з адказаў.

Канчатковыя вынікі будуць падведзены пазней, пасля праверкі ўсіх вынікаў. Аднак ужо цяпер можна сказаць, што, незалежна ад набраных балаў, гэта алімпіяда павышае ва ўсіх удзельнікаў увагу да тэмы бяспекі дарожнага руху і дапамагае выхоўваць у іх дысцыплінаванасць падчас знаходжання на дарозе.

Алена Масцерава.