Новости
Як прайшлі вялікія выхадныя ў Лагойску і паблізу яго
Рэпартаж з гарналыжных курортаў і не толькі
главное
1202 дня(-ей) назад
2
4

Прагнозы сіноптыкаў спраўдзіліся, і ў другой палове мінулага тыдня шчодра насыпала снегу. Гэта станоўча паўплывала на настрой жыхароў нашага раёна, якія на калядных выхадных дружна высыпалі на бліжэйшыя горкі. Фотаздымкі на санках, лыжах, каньках, «ватрушках» запаланілі ўсе сацсеткі, замяніўшы навагоднія ёлкі.

У нядзелю на ўсіх узгорках райцэнтра весела праводзілі свой час дарослыя і дзеці. Напрыклад, у лясной паласе на вуліцы Мінскай галасы не сціхалі з раніцы да позняга вечара. Караліна Забароўская і Аляксей Букаціч спускаліся разам на адным цюбінгу пад наглядам бацькоў. А затым навыперадкі беглі наверх, каб хутчэй атрымаць чарговую порцыю адрэналіну.

У парку таксама раскаталі спускі, з якіх гараджане з’язджалі цэлымі кампаніямі. Адзін за адным набіралі хуткасць маленькія лагайчане Рома, Ева і Арсеній. Першы раз у сваім жыцці спрабаваў самастойна з’ехаць са снежнай горкі Данііл Сарока, якому споўнілася 1,8 года.

Сустрэлі ля стадыёна і дырэктара краязнаўчага музея Святлану Гамезу з сынам Міхаілам.

Парк Тышкевічаў у снежным убранні выглядае казачна.

Велізарны наплыў людзей назіраўся ў гарналыжных цэнтрах паблізу Лагойска. І нават вечарам у нядзелю на стаянцы РГЦ «Сілічы» амаль не было вольных месцаў.

Адпачывалі хто паасобку, хто кампаніямі, хто цэлымі сем’ямі. Напрыклад, Аляксандр прыехаў з Бараўлян з 7-гадовай дачушкай Дар’яй і на пытанне, чаму выбраў менавіта «Сілічы», паціснуў плячыма:

– А дзе яшчэ можна адпачываць у такое цудоўнае снежнае надвор’е?

З цюбінгавай трасы спускалася мінчанка Ганна з малодшай дачкой Вікторыяй. Яна расказала, што ўпершыню прыехала з сям’ёй у Сілічы. А яе старэйшая дачка Каця і муж Юрый каталіся на вучэбнай трасе на лыжах.

Высока ацанілі ўзровень абслугоўвання ў «Сілічах» гамяльчанкі Галіна і Кацярына.

Лыжы сяброўкі палюбілі даўно, у мінулыя гады ездзілі на гарналыжныя курорты Аўстрыі, Украіны, куды не змаглі трапіць сёлета з-за пандэміі. Учора былі прыемна здзіўлены тым, што і на айчынным падобным курорце можна добра адпачыць. Яны пасяліліся ў катэджы, планавалі пакатацца і на каньках, і на цюбінгу. А яшчэ збіраліся смажыць на свежым паветры мяса.

Алег і Таццяна са Смалявіч завіталі ў Лагойскі раён, таму што блізка і таму што былі тут раней.

А Дзяніс Ястраб заехаў у Сілічы, накіроўваючыся з сям’ёй са Слоніма ў Віцебск.

– Мы прачыталі ў інтэрнэце рэпартаж аб тым, што тут шматгадзінныя чэргі, вырашылі паглядзець, – расказаў віцяблянін, які першы раз пабываў у «Сілічах», а раней адпачываў у польскім Закапаным. – І ведаеце, тут усё даволі добра арганізавана, вельмі прыгожа і не так ужо шмат людзей.

Дзяніс расказваў пра свае ўражанні, пакуль з жонкай Святланай і дачкой Алінай чакаў з трасы сына Макара.

Асцярожна спускаліся на лыжах Андрэй, Дар’я і іх сын Трафім са Жлобіна.

На вучэбнай трасе трэніравала навыкі катання на лыжах сталічная жыхарка Таццяна з дачкой Анастасіяй.

Весела было і на катку.

Там мы сустрэлі лагайчанку Алену Сакалову з дачушкамі Святаславай і Лізаветай.

– Мы тут часта катаемся, нам у «Сілічах» падабаецца, – расказала жыхарка райцэнтра. – Асабліва прыгожа было тут на Божае нараджэнне. Прыехала шмат людзей, падаў снег, і здавалася, быццам мы трапілі ў казку. Гэта вельмі добрае месца для тых, хто любіць здаровы лад жыцця. А катанне на каньках дае шмат станоўчых эмоцый.

Алена расказала, што займаецца таксама скандынаўскай хадзьбой, гуляе па сцяжыне здароўя ў Заячай паляне і ўпэўнена, што ў Лагойску і наваколлі шмат магчымасцей для таго, каб актыўна праводзіць вольны час, падтрымліваць сваё здароўе.

Яшчэ адна лагайчанка Наталля Мірончык адзначыла прыгажосць і арыгінальнасць фотазон гарналыжнага спартыўнага комплексу «Лагойск». Гэта месца на вялікіх выхадных таксама наведала вялікая колькасць людзей. Зручныя з добрым асвятленнем трасы, для пачаткоўцаў і прафесіяналаў, катанне на горных лыжах, сноўбордах і цюбінгах, канатная дарога, пад’ёмнік – гэтыя і іншыя паслугі карысталіся вялікім попытам.

Юлія і Павел прыехалі сюды ўпершыню з Маладзечна, адстаялі чаргу 3 гадзіны, але былі ў самым лепшым настроі: іх атрымлівалася катацца на лыжах і вакол было весела. Працаваў дыджэй і гучала рытмічная музыка, а аніматары не давалі засумаваць.

Арганізавана шмат забаў для дзяцей. Не толькі спартыўнае хобі, але і атмасфера здароўя, весялосці, сапраўднага зімовага свята – вось тыя прычыны, па якіх і лагайчане, і жыхары іншых гарадоў накіроўваюцца ў гарналыжны цэнтр.

Будзем спадзявацца, што надвор’е дазволіць як мага большай колькасці людзей атрымаць асалоду ад снежных забаў. Магчымасцей для гэтага ў Лагойскім раёне хапае.

Алена Масцерава.