Новости
Навагоднія Плешчаніцы: віртуальная экскурсія
главное
1206 дня(-ей) назад
2
4

Новая ёлка ў цэнтры гарадскога пасёлка надае яму святочны, урачысты выгляд. Навагодні ансамбль на плошчы перад сельвыканкамам дапаўняюць электрычныя сняжынкі на дрэвах уздоўж вуліцы Леніна і ілюмінацыя на будынках непадалёк.

Каля ёлкі ў казачнае падарожжа запрашае дзяцей вясёлы паравозік, упрыгожаны вучнямі Плешчаніцкай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам педагога Кацярыны Васілеўскай. Сама школа таксама быццам заклікае да сябе гасцей – не толькі электрычнымі гірляндамі на вокнах, але і рознакаляровымі фігуркамі казачных персанажаў, зробленых…з пяцілітровых пластыкавых бутылак! Зайшоўшы ў школу, трапляеш у сапраўднае зімовае царства, якое адлюстравана на карцінах вучняў, у тым ліку самых маленькіх, з падрыхтоўчага мастацкага аддзялення.

Каляровымі агеньчыкамі асвятляюць цемру вокны лазні, а праз дарогу насупраць – святочна ўбраная ёлка і асветлены ганак Плешчаніцкага вучылішча алімпійскага рэзерву.

Побач будынак дзіцячага садка, у якім не толькі ўваходы аформлены яркімі гірляндамі, але і ўся тэрыторыя ў цёмны час сутак зіхаціць агнямі.

Навагоднія ўпрыгожанні можна ўбачыць унутры аўтастанцыі, на будынках камгаса, ДРБУ-165, фізкультурна-аздараўленчага комплексу "Скарб".

Агеньчыкамі зіхацяць вокны многіх прадпрыемстваў, у тым ліку аўтапарка № 12. Работнікі транспартнай арганізацыі ўпрыгожылі кабінет эканомікі імправізаванай ёлачкай, традыцыйным абярэгам павуком з мішуры, а бліскучыя ёлачныя цацкі з’явіліся нават на офісным вазоне.

Таго, хто збіраецца прайсці на тэрыторыю ААТ «Кобальт», на прахадной сустракае арыгінальная ёлачка. Трэба сказаць, што завадчане сваёй прадукцыяй дапамагаюць ствараць на вуліцах навагодні настрой: напрыклад, вогненная карэта, якую нядаўна ўстанавілі каля Лагойскай школы мастацтваў, была зроблена менавіта на «Кобальце».

Шмат фантазіі прыклалі педагогі з вучнямі падчас упрыгажэння ўстаноў адукацыі. Вокны кожнай з іх аздоблены выцінанкамі. У дзіцячым садку № 4 падрыхтавалі выставу малюнкаў на зімовую тэматыку, тут можна ўбачыць шмат арыгінальных святочных кампазіцый. А для дзяжурных сярэдняй групы нават пашылі спецыяльную навагоднюю форму. На здымку Саша Юдэнка і Яўгенія Ахрымук.

Дызайнерская ёлка з аленямі сустракае дзетак у садку № 2. Тут таксама дзейнічае выстава сумеснай творчасці дзяцей і бацькоў. Да навагодніх ранішнікаў у святочна ўпрыгожанай актавай зале рыхтуюцца ўсе групы. Загадчыца садка Раіса Ільёва прасіла павіншаваць з Новым годам і падзякаваць тым, хто дапамагае ствараць камфортныя ўмовы для дзетак. Так, у памяшканні для самых маленькіх дашкольнікаў сіламі педкалектыву і бацькоў сёлета быў праведзены касметычны рамонт, а таксама абноўлена мэбля, набытая дзякуючы спонсарскай дапамозе індывідуальных прадпрымальнікаў Дзмітрыя Жорава, Ігара Гомана, Рыгора Цітова.

Алена Масцерава.