Новости
Саша Нэма выкладаў музыку ў чацверакласнікаў Лагойскай СШ № 1
главное
1204 дня(-ей) назад
2
4

Незвычайны ўрок прайшоў у СШ № 1 г. Лагойска. Яго правёў вядомы беларускі спявак і кампазітар Саша Нэма.

Сустрэчы з вядомымі медыяперсонамі нашай краіны праводзяцца ў рамках праекта «Прадлёнка», арганізаванага праграмай «Настаўнік для Беларусі» сумесна з БПС-Ашчадбанкам. Саша Нэма прыехаў менавіта ў першую школу райцэнтра, таму што тут працуе ўдзельніца праграмы Святлана Іванюшына. Паглядзець запіс урока можна на Youtube.

Свайго новага «настаўніка» школьнікі сустрэлі гучным апладысментамі.

Калі госць спытаўся, якія песні любяць лагойскія школьнікі, то ў першую чаргу яны ўзгадалі не папулярныя кампазіцыі з сучасных плэй-лістоў, а беларускія народныя. Спачатку дзяўчаткі, якія займаюцца ў ансамблі «Шчадраняты», выканалі «Пасеяў дзед грэчку» пад бітбокс Сашы Нэма. Потым увесь клас заспяваў «Чаму ж мне не пець» – гэту песню яны вывучылі раней са сваёй настаўніцай музыкі.

Дзеці разам з артыстам зрабілі практыкаванні на трэніроўку дыхання, даведаліся, як настройваць гітару пры дапамозе мабільнага прыкладання.

Вучні засыпалі спевака пытаннямі, пры дапамозе якіх даведаліся пра яго жыццёвы і творчы шлях.

Саша Нэма падарыў школьнікам паштоўкі са сваім партрэтам, на якіх пакінуў аўтографы.

Завяршальным акордам музычнай сустрэчы стала фотасесія з яркім прадстаўніком беларускай эстрады.

Алена Масцерава.

Падрабязней -- у газеце "Родны край" 12 снежня 2020 года.