Новости
Плешчаніцкія школьнікі сустрэліся з удзельнікамі паэтычнай суполкі
главное
1291 дня(-ей) назад
2
4

У Плешчаніцкай дзіцячай бібліятэцы 13 кастрычніка прайшла творчая сустрэча з аўтарамі літаратурнага аб’яднання «Рунь», якое дзейнічае пры Лагойскай цэнтральнай бібліятэцы. Яго кіраўнік Ірына Глушакова пазнаёміла дзевяцікласнікаў першай школы пасёлка з удзельніцамі літсуполкі Валянцінай Мурзіч і Надзеяй Мядзелец.

Аматаркі паэтычнага слова расказалі пра творчы і жыццёвы шлях, пазнаёмілі вучняў са сваімі вершамі. Яны прачыталі паэтычныя творы, прысвечаныя родным матулям, малой радзіме.

Надзея Якаўлеўна ўручыла бібліятэкару Плешчаніцкай СШ № 1 Алесі Канцэвіч зборнік уласных вершаў, каб большая колькасць вучняў магла пачытаць іх у школе.

Старшакласнікі задалі аўтарам шэраг пытанняў, і адно з іх датычылася творчасці паэтаў-землякоў у інтэрнэце. Аказалася, што Валянціна Мурзіч мае ўласную старонку ў сацыяльных сетках «Аднакласнікі» і «ВКонтакте», дзе змяшчае новыя творы. На старонцы «ВКонтакте» з’яўляюцца і свежыя вершы яшчэ аднаго ўдзельніка  «Руні», Аляксандра Клімаўца, які не прысутнічаў на сустрэчы. Паўстала пытанне стварэння асобнай віртуальнай старонкі літаб’яднання.

Падчас імпрэзы памятныя падарункі ад калег па творчасці атрымала Надзея Мядзелец, якая ў жніўні адзначыла 75-гадовы юбілей.

Алена Масцерава, «РК».