Новости
Злёт маладых спецыялістаў прайшоў 23 верасня ў Лагойскім цэнтры культуры
главное
1309 дня(-ей) назад
2
4

Як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Сяліцкая, на сёння ў раёне налічваецца 86 маладых спецыялістаў. Але гэта лічба можа змяняцца з улікам пераразмеркавання.

На ўваходзе ўдзельнікаў сустракала мясцовае «тэлебачанне». Госці адказвалі на пытанні крэатыўнай «вядучай», агучвалі свае планы і пажаданні, а трансляцыя іх  гутаркі ішла ў фае.

Напрыклад, бухгалтар ААТ «Жасцінае» Марыя Камінская расказала, што скончыла сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках і вельмі рада, што трапіла ў дружны калектыў.

Анастасія Лойчыц падзялілася ўражаннямі ад сваёй педагагчінай дзейнасці ў СШ № 1 г. Лагойска, дзе яна выкладае англійскую мову.

Наступным сюрпрызам для маладых спецыялістаў стаў чароўны куфэрак, адкуль можна было дастаць цукерку з прадказаннем.

А затым на сцэну падняліся прадстаўнікі раённай адміністрацыі, спецыялісты розных сфер, якія адказалі на пытанні юнакоў і дзяўчат.

Так, старшыня райвыканкама Аляксандр Ласевіч расказаў, у якіх сферах раёна не хапае спецыялістаў, як будзе разівавацца будаўніцтва жылля, калі ў райцэнтры з’явяцца новыя садкі і школа.

Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Галіна Собаль адзначыла, што сярэдні заробак настаўніка складае 1 тыс. – 1 тыс. 200 рублёў. Яго велічыня можа ўзрастаць, калі настаўнік дадаткова вядзе гурткі і факультатывы, эфектыўна ўдзельнічае з вучнямі ў конкурсах, працуе з адоранымі дзецьмі.

Галоўны спецыяліст упраўлення архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ірына Табала расказала пра ўмовы пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў жыллі.  

Галоўны спецыяліст іпатэчнага офісу абласнога ўпраўлення Беларусбанка Віктар Васільчанка патлумачыў, хто мае права на льготны крэдыт і як ён афармляецца.

На пытанні юнакоў і дзяўчат адказалі таксама намеснікі старшыні райвыканкама Аляксандр Бойка, Юрый Шабуня, Анжэла Раемская, старшыня райарганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Варабей.

Маладых людзей чакала ў канцы канцэртна-забаўляльная праграма, падрыхтаваная калектывам цэнтра культуры.

Алена Масцерава, «РК».