Новости
Аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга выступіў на Лагойшчыне
главное
1306 дня(-ей) назад
2
4

У пятніцу, 18 верасня, у Лагойскім РЦК вечарам прайшло выступленне Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Праграма складалася з джазавай музыкі, папулярных эстрадных нумароў. Публіка вельмі цёпла вітала сталічных гасцей, імёны якіх ужо на працягу не аднаго дзесяцігоддзя вядомыя ўсім прыхільнікам беларускай сцэны.

Асабліва горача гледачы прымалі беларускія песні, такія як «Кахаймася» на словы Леаніда Пранчака, музыку Ігара Паліводы, «Полька беларуская» (верш Леаніда Дранько-Майсюка, мелодыя Ігара Лучанка).

Прагучалі таксама замежныя песенныя кампазіцыі. Музыканты па-майстэрску выканалі віртуёзны інструментальны джаз.

Канцэрт быў прысвечаны Году малой радзімы і прайшоў у рамках рэспубліканскай акцыі «Майстры мастацтва – працаўнікам вёскі». Падчас творчага турнэ па Лагойскім раёне аркестр выступіў таксама ў Гасцілавічах і Плешчаніцах.

Алена Масцерава, «РК».