Новости
Дзень беларускага пісьменства: расказваем пра падзеі, выставы, кнігі
главное
1323 дня(-ей) назад
2
4

Ужо пачаліся мерапрыемствы, прысвечаныя XXVІІ Дню беларускага пісьменства, які штогод адзначаецца ў апошнюю нядзелю верасня. Раней сталіцамі святкавання станавіліся Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Заслаўе і іншыя. Сёлета эстафету пераняў г. Бялынічы Магілёўскай вобласці.

У суботу і нядзелю на цэнтральнай плошчы Бялыніч будуць працаваць пляцоўкі, якія дазволяць гасцям свята пазнаёміцца з мастацкімі, навуковымі, перыядычнымі выданнямі, сустрэцца з літаратарамі. Чакаюцца прэзентацыі кніг, круглы стол з удзелам беларускіх і замежных аўтараў, квэст «Скарб князя Гальшанскага», узнагароджанне пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, закладка алеі гарадоў-сталіц Дня пісьменства і многія іншыя падзеі.

Цырымоніі адкрыцця і закрыцця свята пройдуць 6 верасня. Пасля рэканструкцыі адкрыецца музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, па творчасці якога падрыхтаваны мастацкі альбом.

У бібліятэках і школах Лагойскага раёна таксама праводзяцца тэматычныя выставы і мерапрыемствы да Дня пісьменства. Напрыклад, Лагойская дзіцячая бібліятэка запрашае пазнаёміцца з кнігамі, сабранымі на стэндзе «Зямлі маёй роднае слова». Тут змешчаны шыкоўныя выданні з серыі «Асветнікі Беларусі», кнігі, прысвечаныя Францыску Скарыне, паэтам Францішку Багушэвічу, Якубу Коласу, Янку Купалу, змястоўны, прыгожа ілюстраваны «Дзіцячы атлас Беларусі. Славутыя асобы» і іншыя.

У бібліятэцы праходзілі і тэматычныя заняткі для школьнікаў на тэму дзейнасці першадрукара з Полацка, узнікнення на нашай зямлі друкаванага слова і г. д.

А ў раённай газеце «Родны край», у суботнім нумары за 5 верасня, выйдзе літаратурная старонка «Зорка Венера», прымеркаваная да Дня беларускага пісьменства. У ёй можна будзе прачытаць вершы Ніла Гілевіча, Валянціны Мурзіч, Валерыя Максімовіча і Міколы Лешчуна з яго новай кнігі «Мая душа начуе дома».

Алена Масцерава, «РК».