Новости
У Лагойску з’явіліся новыя пункты па зборы пластыкавых крышачак
главное
1384 дня(-ей) назад
2
4

Ужо не першы год у Беларусі дзейнічае праект «Новае жыццё ў абмен на крышачкі». Сутнасць яго ў тым, што крышачкі ад пластыкавых бутэлек не выкідваюцца, а збіраюцца і здаюцца на перапрацоўку. Атрыманыя ад іх здачы сродкі накіроўваюцца на падтрымку дзяцей з захворваннямі цэнтральнай нервовай сістэмы, парушэннямі апорна-рухальнага апарата, якія маюць патрэбу ў спецыяльных леках і абсталяванні. Ужо было закуплена некалькі інвалідных калясак, а зараз ідзе збор для дзяўчынкі з Рэчыцы, якой трэба набыць пратэз.

Пункты збору крышачак арганізаваны і ў Лагойску. Гэтым займаюцца валанцёры Кацярына Хан, Дар’я Хацілоўская і іншыя, дапамагае аўтаваланцёр Павел Алімаў. Прыносіць крышкі можна таксама ў рэдакцыю газеты «Родны край», дзе мы арганізавалі пункт збору сумесна з валанцёрам Вольгай Байковай. Запрашаем далучыцца да кампаніі ўсіх нераўнадушных.

Для збору на перапрацоўку падыходзяць чыстыя крышачкі ад бутэлек з-пад вады, сокаў, малака, кефіру, кетчупу, маянэзу, а таксама ад какавы, кавы, шампуняў, крэмаў, зубной пасты, геляў для душа, яйкі ад кіндэр-сюрпрыза і г. д. З унутранага боку крышкі павінна быць маркіроўка ў выглядзе трохвугольніка са стрэлак з лічбамі 2, 4 або 5 у цэнтры.

Па ўсіх пытаннях тэлефануйце да нас, звяртайцеся да валанцёраў, чытайце навіны ў адпаведных групах у сацыяльных сетках. 

Алена Масцерава, «РК».