Новости
Новая кніга выйшла ў паэта з Лагойска Міколы Лешчуна
главное
171 дня(-ей) назад
2
4

Сёння паэт і настаўнік Мікола Ляшчун прывёз у Лагойск першыя асобнікі сваёй новай кнігі. Зборнік «Мая душа начуе дома», у які ўвашлі вершы розных гадоў, быў надрукаваны ў сталічным выдавецтве «Регистр» тыражом 300 экзэмпляраў.

– Ідэя кнігі ўзнікла гады 2-3 назад, – расказаў аўтар. – У студзені я размаўляў з Галінай Каржанеўскай, якая падахвоцілася пачытаць мае вершы, зрабіла шэраг карысных заўваг і правак, за што я ёй вельмі ўдзячны. Мы вычытвалі раздзел за раздзелам, кожны з якіх, як параіла Галіна Анатольеўна, названы радкамі з маіх твораў.

Кніга складаецца з 5-ці раздзелаў, дзе ў паэтычнай форме адлюстроўваецца жыццёвы і творчы шлях аўтара, пачынаючы з успамінаў маленства да сталых гадоў. Паэт заўважыў, што хоча, каб кожны, хто прачытае яго зборнік, падумаў: «Дык гэта ж і пра мяне таксама!». Таму што працаваў над кнігай не дзеля кнігі, а дзеля будучых чытачоў.

– На вокладцы выдання ў блакітным небе ляцяць буслы – гэта птушкі майго дзяцінства, як у вершы «На беразе Прыпяці», – тлумачыць творца. – У вёсцы Губарэвічы Хойнікскага раёна, дзе я нарадзіўся, раслі высокія таполі, і штогод над імі ляцелі буслы, якія сімвалізавалі і наступленне вясны, і новыя надзеі на тое, што адбудзецца нешта незвычайнае.

«Мая душа начуе дома» – гэта трэцяя кніга Міколы Лешчуна. Раней выйшлі «Палескія сны» і «Белая завея». У аснову новага зборніка ўвайшлі вершы з папярэдніх выданняў, абноўленыя, з рэдактарскай праўкай, а таксама новыя паэтычныя творы.

– Не верыцца, што я ўжо маю трэцюю кнігу, – шчыра прызнаўся аўтар з Лагойска. – Хацелася нават адцягнуць час яе выхаду, бо новы зборнік – як знак прыпынку ў творчасці. Але разам з тым, спадзяюся, ён стане крыніцай натхнення для нараджэння новых радкоў.

Мы таксама жадаем шаноўнаму Міколу Міхайлавічу новых вершаў, кніг і чытачоў. Зборнікі можна набыць у самога аўтара. А першым уладальнікам новай кнігі з аўтографам літаратара стаў жыхар райцэнтра Аляксандр Аўчыннікаў.

Алена Масцерава. Фота аўтара.