Новости
Лагойская каманда па «Што? Дзе? Калі?» ізноў атрымала перамогу
главное
1416 дня(-ей) назад
2
4

У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй былі адменены ўсе інтэлектуальныя турніры і перанесены чэмпіянаты, якія планавалася праводзіць у красавіку-маі. Аднак некаторыя мерапрыемствы ўсё ж праходзілі дыстанцыйна, як і трэніроўкі «Вялікага прайгравальніка» з райцэнтра.

–  Мы трэніруемся дзякуючы праграме Discord, – расказаў трэнер лагойскай каманды Вадзім Кузміч. – Так займацца больш складана, чым звычайна, але гэта дазваляе падключыцца ўсім гульцам, незалежна ад іх месцазнаходжання. Напрыклад, наша дзяўчына Ліза з Віцебска таксама ўдзельнічае з намі ў анлайн трэніроўках. Хаця гэта адбываецца не так часта, як хацелася б, прымаюць удзел не ўсе каманды, таму што дзеці рыхтуюцца да экзаменаў, ЦТ, і я не хачу іх перанапружваць.

На працягу мая старшакласнікі з «Вялікага прайгравальніка» гулялі анлайн у міжнародным турніры па «Што? Дзе? Калі?», арганізаваным Лігай інтэлектуальных гульняў Чалябінска на грант прэзідэнта РФ. Былі праведзены 3 адборачныя туры і фінал, у якім змагаліся найлепшыя каманды па суме за 3 этапы. «Вялікі прайгравальнік» адказаў на 30 з 48 пытанняў і толькі па дадатковым паказчыку ў каманднай «Сваёй гульні» змог перамагчы.

Гэта ж зборная стала самай лепшай у першым сезоне школьнай лігі па «Што? Дзе? Калі?», удзел у якой прымалі 848 каманд з 114 гарадоў 7 краін.

– Грамадскае аб’яднанне «Беларуская ліга інтэлектуальных каманд» і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі аптымістычна разглядаюць магчымасці правесці школьны чэмпіянат  Рэспублікі Беларусь па «Што? Дзе? Калі?» у канцы ліпені – пачатку жніўня, – адзначыў Вадзім Кузміч. – А ў другой палове апошняга летняга месяца дзяцей з лагойскага клуба традыцыйна чакае змена ў лагеры БЛІК.

Пасля завяршэння пандэміі адновяцца трэніроўкі ў звычайным фармаце, якія будуць праходзіць на базе Цэнтра дзіцячай творчасці.

Алена Масцерава.