Новости
Як па маі нашы продкі на лета надвор’е вызначалі
главное
1422 дня(-ей) назад
2
4

Даўней беларусы па надвор’і ў маі вызначалі, якім будзе лета і восень. Уважліва назіраючы за прыкметамі, нашы продкі рабілі высновы пра будучы ўраджай.

Сёлета май быў халодным. Пра што гэта сведчыць, расказвае народнае выслоўе: «Май халодны – не будзеш галодны». 

Якія ж прыкметы звязаны з апошнімі днямі вясны?

Учора, 28 мая, адзначаўся Пахом. На яго гаспадыні заўсёды стараліся пасадзіць агуркі: «Сей агуркі, як Пахом, будзеш цягаць іх мяхом». Пра гэты дзень гаварылі і так: «На Пахома цёпла – усё лета будзе цёпла». Спадзяёмся, што народны прагноз спраўдзіцца, бо тэмпература паветра ўчора ўсіх парадавала.

Сярод імяніннікаў 29 мая ёсць і Магдалена, з якой звязаны наступны выраз: «На Магдалену вады па калена». Сіноптыкі сёння абяцаюць і навальніцу, і моцны дождж. Паглядзім, ці супадуць прагнозы старажытны і сучасны.

Пра надвор’е на заўтрашні дзень ёсць такая прыкмета: калі дзьме паўночны вецер, то лета будзе халоднае. Але дождж на 30 мая абяцаў багаты ўраджай хлеба.

Пра апошні дзень мая, калі адзначаліся імяніны Фядота, казалі так: «Як на дубе апушка – у Фядота поўна аўса кадушка», «Прыйшоў Фядот – прынялася зямля за свой род».

Падрыхтавала Алена Масцерава.