Новости
Беларусь стала першай ў свеце краінай, у якой у птушак з’явіліся тэлефонныя нумары
Эколагі і сувязісты распрацавалі новы сервіс
главное
1436 дня(-ей) назад
2
4

Набраць тэлефонны нумар, указаны на сайце, пачуць голас пэўнай птушкі, а потым атрымаць ад яе эсэмэску – усё гэта стала магчымым дзякуючы старанням грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і тэлефоннай кампаніі А1. Эколагі і сувязісты распрацавалі новы сервіс «Выйдзі на сувязь з прыродай» з мэтай паказаць багацце дзікай прыроды, разнастайнасць птушак нашай краіны, якія маюць патрэбу ў дапамозе, увазе і абароне.

Першыя нумары з’явіліся ў шэрай кугакаўкі, чорнага дразда, салаўя, вялікага голуба, гіля, сіняй сініцы, шчыгла, малінаўкі, берасцянкі, крапіўніка. Гэта самыя распаўсюджаныя ў Беларусі птушкі. Многія іх бачылі, але не ўсе ведалі, як яны спяваюць.

Каб пачуць голас, напрыклад, шэрай кугакаўкі, трэба выбраць яе персанальны нумар, указаны на сайце «Аховы птушак Бацькаўшчыны» або ў адпаведным раздзеле сайта А1. Спачатку вам адкажа Крысціна Дробыш – актрыса Купалаўскага тэатра, якая разам з калегам Раманам Падалякам агучыла ролі «сакратароў птушак». А потым некалькі хвілін вы зможаце слухаць спеў начной драпежніцы. Пасля завяршэння тэлефоннага званка ад кугакаўкі прыходзіць СМС-паведамленне накшталт такога: «У-ху, у-ху! Дзякую табе за званок. Каб працягнуць са мной знаёмства, заходзь на www.ptushki.org». Дарэчы, на ўказаным сайце можна не толькі паслухаць птушак, але і ўбачыць іх выявы, прачытаць апісанне і цікавыя факты пра іх.

Сервіс «Выйдзі на сувязь з прыродай» бясплатны для ўсіх абанентаў А1, акрамя тых, што знаходзяцца ў роўмінгу.

Падрыхтавала Алена Масцерава, «РК».