Новости
Марыя Ліцвін: «Вайну прайшла і смерці не баюся»
Рэпартаж з уручэння юбілейных медалёў
главное
1442 дня(-ей) назад
2
4

Напярэдадні Дня Перамогі ветэранаў з Плешчаніц віншавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Людміла Муравіцкая, ваенны камісар Юрый Шэрсцень, старшыня сельвыканкама Аляксандр Сідарэвіч. Яны ўручылі шаноўным землякам юбілейныя медалі, прадуктовыя наборы, выказалі самыя лепшыя пажаданні. А артысты Лагойскага РЦК выканалі песні ваенных гадоў.

Адэлаіда Леановіч не ўтрымалася і пачала сама падпяваць «Кацюшу» ўслед за работнікамі культуры. У двары з мноствам чырвоных цюльпанаў радавалася візіту гасцей бадзёрая і моцная духам жанчына, якая ў 13-гадовым узросце была сувязной партызанскага атрада і дапамагала клапаціцца пра раненых.

З удзячнасцю прымаў словы віншаванняў і слухаў песні ваенных часоў жыхар Рудні Фёдар Ліпатаў. Яму давялося зведаць цяжкую працу ў нямецкага баўэра, калі акупанты адправілі падлетка ў Германію. Але ў 1945 г. пасля вызвалення ён быў мабілізаваны, прайшоў ваенную падрыхтоўку і служыў у 918-м артылерыйскім палку.

Падарункі ўручылі і Паўлу Пустаходу з в. Слабада, які быў прызваны ў армію ў 1944 годзе, ваяваў з Германіяй і Японіяй.

У гэты ж дзень старшыня Лагойскага райвыканкама Аляксандр Ласевіч разам з ваенным камісарам і старшынямі сельвыканкамаў павіншаваў жанчын-ветэранаў у Каменскім і Крайскім сельсаветах. Уручаючы юбілейны медаль, Аляксандр Георгіевіч выказаў падзяку за ваенныя подзвігі, пажадаў моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця 95-гадовай Марыі Ліцвін з в. Чмялевічы (яна на першым здымку зверху). На вайне жанчына працавала санітаркай у перасоўным шпіталі, з якім прайшла шлях ад Магілёва да Берліна. Яна ўласнымі вачыма бачыла, якія пакуты прыходзілася перажыць людзям. Таму, калі старшыня спытаў, што жанчына лічыць галоўным багаццем, тая адказала: «Самае галоўнае багацце – гэта здароўе і цішыня».

Узнагароду і падарункі атрымала Марыя Красоўская з в. Баброва.

– Хоць вайна і скончылася 75 гадоў назад, але яна служыць сапраўдным урокам для нашага пакалення, – адзначыў, віншуючы жанчыну, Аляксандр Ласевіч. – А вы, Марыя Францаўна, з’яўляецеся для нас узорам мужнасці, трываласці, прыкладам таго, як трэба любіць і абараняць свой край. Здароўя вам і дабрабыту. Вялікі дзякуй за Вялікую Перамогу!

Алена Масцерава.