Новости
Сёння дзень нараджэння паэта Змітрака Бядулі
главное
1464 дня(-ей) назад
2
4

Сёння, 23 красавіка, споўнілася 134 гады з дня нараджэння Змітрака Бядулі – беларускага паэта, празаіка, перакладчыка і мовазнаўцы.

Самуіл Яфімавіч Плаўнік (гэта яго сапраўднае імя) нарадзіўся ў вёсцы Пасадзец Лагойскага раёна ў небагатай яўрэйскай сям’і. Вучыўся ў пачатковай яўрэйскай школе – хедары, пасля яе заканчэння ў школе рабінаў – ешыбоце. Быў хатнім настаўнікам, канторшчыкам на лесараспрацоўках. У 1912 г. працаваў у Вільні, у рэдакцыі «Нашай нівы» разам з Янкам Купалам.

У 1915 г. паступіў на працу ў гарадскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У 1917-м браў удзел у 1 – м Усебеларускім з'ездзе. Супрацоўнічаў з газетай «Беларускі шлях», у 1919 –1920 гг. быў карэспандэнтам, потым рэдактарам часопіса «Беларускае жыццё». Друкаваўся ў газеце «Савецкая Беларусь» і іншых выданнях. Быў рэдактарам дзіцячага часопіса «Зоркі».

У 1926 г. пачаў працу ў Інстытуце беларускай культуры, быў першым рэдактарам краязнаўча-этнаграфічнага часопіса «Наш край». Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», пасля — ва «Узвышша». Член Саюза пісьменнікаў СССР.

Першы мастацкі твор, імпрэсія на беларускай мове «Пяюць начлежнікі», быў надрукаваны у газеце «Наша ніва». Змітрок Бядуля выдаў некалькі дзясяткаў кніг вершаў, паэм, апавяданняў. Яго аповесць «Салавей» была экранізавана, па ёй пастаўлены балет. Ён напісаў двухтомны раман «Язэп Крушынскі», шэраг твораў для дзяцей, біяграфічныя аповесці, перакладаў з ідыша і ўкраінскай на беларускую мову. З’яўляецца аўтарам даследаванняў па беларускім фальклоры, мовазнаўстве, суаўтарам кішэннага «Яўрэйска-беларускага слоўнічка». Апошнім яго творам стала аповесць-казка «Сярэбраная табакерка».

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны Змітрок Бядуля з сям’ёй быў вымушаны пакінуць Беларусь. Памёр у 1941 г. ад інфаркту ў эвакуацыі каля горада Уральска (Казахстан), дзе і быў пахаваны.

У 2020 г. 26 лютага яго астанкі былі перавезены з Казахстана ў Беларусь. Гэта адбылося пры падтрымцы Фонда Марыі Магдалены Радзівіл, які займаецца пытаннямі перапахавання. Калі і дзе яно пройдзе, пакуль вырашаецца. Вядома толькі, што гэта адбудзецца ў Мінску, дзе зараз жыве сын пісьменніка Яфім Плаўнік, 1934 года нараджэння.

Алена Масцерава, «РК».