Новости
Жыхары Знаменкі ў складзе каманды Асаавіяхіма размініравалі тэрыторыю Лагойскага раёна
главное
1487 дня(-ей) назад
2
4

Хоць гэтыя мужчыны падчас Вялікай Айчыннай не ваявалі на франтах, бо былі непаўналетнімі, але яны таксама ўнеслі значны ўклад у Перамогу. Пасля выгнання нямецка-фашысцкіх захопнікаў у складзе каманды Асаавіяхіма размініравалі тэрыторыю Лагойскага раёна. 

Іван Мінкевіч нарадзіўся ў 1928 годзе на хутары Лужкі ля вёскі Пархава. У 1939-м сям’я Мінкевічаў пераехала ў Знаменку. Тут і сустрэлі вайну. Іван Іванавіч і сёння ў дэталях памятае той дзень, калі ў небе над вёскай з’явіліся самалёты з чорнымі крыжамі: ён тады пасвіў калгасных бычкоў, дапамагаў маці працадні зарабляць. А ў наступныя некалькі гадоў яму і дзвюм сёстрам даводзілася хавацца ад немцаў то ў кустах, то ў яміне пад падлогай: баяліся, каб іх не забралі ў Германію.

Івану было 16 гадоў, калі прыйшла вестка аб вызваленні беларускай сталіцы ад ворага. Тады яго разам з аднагодкамі адправілі ў Жодзіна на ўзнаўленне чыгункі. Хлопцы кватаравалі ў в. Судабоўка, зімой шпалы вазілі, летам зямлю падымалі, зерне малацілі, мяшкі насілі…

А ў 1945 г. Іван Мінкевіч прайшоў у ваенкамаце навучанне сапёрнай справе і трапіў у каманду па размініраванні і зборы трафеяў. У яе ўваходзіла 35 чалавек, якія за 3 месяцы ачысцілі ўвесь Лагойскі раён.

– З металашукальнікамі мы абышлі кожнае поле, – успамінаў Іван Іванавіч. – Знойдзеныя снарады збіралі ў адным месцы па некалькі дзясяткаў штук і пры дапамозе бікфордава шнура ўзрывалі. Затым ішлі далей. Памятаю, які нам з сабой сухпаёк далі: мех мукі, вядро тлушчу і амерыканскую тушонку.

У тым жа годзе ў сталічным вучылішчы Іван Мінкевіч атрымаў спецыяльнасць ветэрынара, а ў 1958 г. у Жодзіне – тэхніка-асемянатара. Гэту прафесію наступныя 8 гадоў сумяшчаў з пасадай загадчыка свінафермы ў Знаменцы. Потым загадваў МТФ, працаваў аператарам па адкорме буйной рагатай жывёлы, дабіўшыся ў гэтай справе высокіх паказчыкаў. У 1988-м пайшоў на заслужаны адпачынак.

Разам са сваёй палавінкай Ядзвігай Юльянаўнай выхавалі дзвюх дачок і сына. Два гады назад гаспадыні не стала, а мужчына і сёння, узгадваючы яе, ласкава кажа «мая матулька».  Не забываюць дзядулю ўнукі, падрастаюць праўнукі, а 1 верасня мінулага года ў Лагойску нарадзіўся прапраўнук Аляксей.

Па падліках Івана Мінкевіча, усяго 34 чалавекі налічвае сёння яго вялікая сям’я.

Гісторыя Івана Кішкурны шмат у чым падобная да папярэдняй. Нарадзіўся ён таксама ў 1928 годзе ў вёсцы Падонкі (Знаменцы) і быў дзясятым дзіцём у сялянскай сям’і.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яго бацька Фёдар Сцяпанавіч, 1885 года нараджэння, з прычыны сталага ўзросту не пайшоў на фронт. Па ўспамінах Івана Фёдаравіча, ваенныя гады праходзілі ў голадзе і нястачы, даводзілася нават гнілую бульбу есці.

Яго браты Міхаіл, Сцяпан і Аляксандр прайшлі франтавымі дарогамі, а сам вясковец у 17-гадовым узросце трапіў у каманду Асаавіяхіма. Падчас падрыхтоўкі юнак разам з астатнімі вывучаў будову айчынных і варожых мін, спосабы іх устаноўкі і ліквідацыі, работу мінашукальнікаў. Асаблівую ўвагу пры гэтым трэба было звяртаць на выкананне правілаў бяспекі. Хлопцы выдатна падрыхтаваліся да ажыццяўлення сваёй місіі, і ніхто з 35 членаў каманды падчас размініравання не пацярпеў.

У мірны час Іван Кішкурна спачатку працаваў у калгасе, а ў 1950-м быў прызваны ў армію і накіраваны ў вайсковую часць у Цюмені. Служыў радыётэлефаністам і радыётэлеграфістам, у 1953 г. быў звольнены ў запас.

У 1954-м пачаў працаваць у Знаменкаўскім сельсавеце спачатку рахункаводам-касірам, а потым начальнікам ваенна-ўліковага стала.

Разам з жонкай Вольгай Паўлаўнай Іван Кішкурна выхаваў дваіх дзяцей. Яго дачка Ларыса Целяпнёва працуе ў Лагойскім ваенкамаце. Да дзядулі любяць прыязджаць у вёску трое ўнукаў, чацвёра праўнукаў. Дапамагае ва ўсіх клопатах сацыяльны работнік.

У земляка дагледжаны дом і прысядзібны ўчастак, спакойны лад жыцця. На шчасце, трывожныя часы ваеннай навалы засталіся толькі ва ўспамінах, газетных артыкулах і кнігах.

Алена Масцерава.

Іншыя матэрыялы па тэме

Лагойск у гады вайны

Логойск во время немецкой оккупации

Плещеницы освободили 30 июня 1944 года