Новости
Сусветны дзень паэзіі: расказваем пра любімыя вершы нашых чытачоў
главное
1498 дня(-ей) назад
2
4

Штогод 21 сакавіка ва ўсім свеце адзначаецца Дзень паэзіі. Напярэдадні гэтага свята мы задалі сваім чытачам у сацсетках наступныя пытанні: які ваш любімы верш (зборнік, чатырохрадкоўе)? Хто ваш любімы паэт?

Сярод імёнаў беларускіх паэтаў чытачы часцей за ўсё называюць Алеся Пісьмянкова і Уладзіміра Някляева. Свой выбар рэспандэнты тлумачаць так: «Вершы Алеся Пісьмянкова лёгка чытаюцца і запамінаюцца, ён пісаў проста і душэўна», «Абодва паэты падабаюцца за прастату, трапнасць, вобразнасць». Таксама ў адказах вядзецца гаворка пра паэзію Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Ніны Мацяш.

Чытачы называюць любімымі вершы Ніла Гілевіча («Маці»), Раісы Баравіковай («Успамін пра цётку Яню»), Якуба Коласа («Змоўкні ты, сціхні, песня пакуты…»), Янкі Купалы («Чары»), Анатоля Сыса (зборнік «Пан лес»), Міколы Лешчуна («Люблю Лагойск»).

Некалькі чалавек узгадалі рускага паэта Эдуарда Асадава («Три друга», «Баллада о ненависти и любви»), Сяргея Ясеніна («Не жалею, не зову, не плачу…»), Уладзіміра Высоцкага («Я не люблю»), Барыса Пастарнака («Гамлет»), Іосіфа Бродскага («Кажинный раз на этом самом месте…»), Веру Паўлаву («Любовь»), Ганну Ахматаву («Сероглазый король»), Ігара Севяраніна («Годами девочка»).

Некаторыя  ўдзельнікі апытання прызналіся, што цяжка выбраць некага аднаго, бо шмат хто падабаецца, і побач з імёнамі Някляева, Караткевіча называюць польскага аўтара Чэслава Мілаша, літоўца Томаса Венцлаву і іншых.

Сапраўды, у творчасці многіх аўтараў можна знайсці радкі, сугучныя сваёй душы. Паэзія захапляе, трывожыць, натхняе і лечыць. Чытайце вершы, дарагія сябры, і будзьце шчаслівыя, бо сёння яшчэ і Міжнародны дзень шчасця!

Алена Масцерава.

 

Алесь ПІСЬМЯНКОЎ 

ЯШЧЭ РАЗ ПРА ЗОРКІ

Я хацеў дастаць з неба зорку
I апёк сабе рукі.
Цэлы тыдзень я курчыўся ў муках,
Каханая плакала горка:
«Ну й далася табе тая зорка!
Людзі жывуць і без зораў,
Людзі ня ведаюць гора...»
 
А доктар увішны
Сказаў, што не лішне
Зьвярнуцца да лекараў іншых...

***

ПРА ВЕЧНАЕ

Кажуць, быў я аблашчаны доляй,
Хоць мой дом не мінула бяда.
Я па мёртвых паплакаў даволі,
а жывых яшчэ болей шкада.

Бо мы ўсе на зямлі гэтай госці,
Не забавімся мы на зямлі.
І калі я пакрыўдзіў кагосьці,
То і мне тая рана баліць.

Нам усім не хапае спагады
І любові жывым не стае…
Нам адпушчана так небагата,
Што й грахі не замоліш свае.

***

Анатоль СЫС

РАДЗІМА ПАЧЫНАЕЦЦА З ЖАНЧЫНЫ… 

Радзіма пачынаецца з жанчыны.

Я гэта адчуваў, а ўразумець

яшчэ не мог — дзіцём шчапаў лучыну,

каб хворую матулю адагрэць,

 

і разам з ёй да позняе гадзіны

мы слухалі трывожна крыгалом,

не ведаў я, што грэў тады Радзіму

і не падманным, а жывым агнём.

***

Уладзімір НЯКЛЯЕЎ

УРЫВАК З ПАЭМЫ “ПАЛАНЭЗ”

На ўзгоркі Нальшы коса падаў 
Срабрысты дождж,

і ў срэбры тым

Стаяў Міндоўг, а поруч з ім —

Ягайла, пяты сын Альгерда...

 

— Калі не ведаеш, дык ведай, — 
Прамовіў ён: — Я крыжакам
Пацвердзіў Жмудзь пасля Міндоўга, 
Бо не яна Айчына нам —
І ў нас няма прад ёю доўга.

 

А доўг ва ўсіх у нас адзін: 
Перад Літвою доўг вялікі 
Яшчэ з пары, як Гедзімін 
Заваяваў сталіцу вількаў.

 

Праз гэты доўг — супроць Масквы — 
Я з Польшчай ажаніцца мусіў,
Каб адстаяць Літвы правы,
Каб  л е с  Вялікае Літвы
Не стаўся  л ё с а м  Беларусі!

***

Раіса БАРАВІКОВА

УСПАМІН ПРА ЦЁТКУ ЯНЮ

Можа, кляў гаспадарку: гары яна гарам.

Можа, меў гостры зуб на суседа Кузьму.

I, аднойчы ўскіпеўшы, яе ён ударыў,

i яна пакланілася нізка яму.

 ...I, калі на вазок ён падсаджваў другую,

 у яе на вачах, як купец на карму,—

адвярнуўся ад слоў: «Як жа я давякую?!»,

 i яна пакланілася нізка яму.

 А пасля лугавінай, нібы па кіліме,

да сялібы вяртаўся ён цераз зіму,

задыхаўся ад думкі: «А раптам не прыме?.

І яна пакланілася нізка яму.

***

Ніл ГІЛЕВІЧ

МАЦІ

Я ўзыходжу на двор,

Я кажу ёй: «Са святам!» —

I цалую знаёмыя родныя вусны,

I бяру пад руку,

I іду з ёй у хату,

Дзе ад прыпечка б'е

Дух гарачы капусны.

 

Я гляджу ў яе вочы,

Што свецяцца шчасцем,

Гладжу рукі сухія,

Прапахлыя зеллем,

I хілюся да сэрца...

А трэба б упасці

Перад ёю — нядужнай, сівой —

На калені...

 

Вочы маці!

У доўгія зімнія ночы

Вы над намі

Вясёлымі зоркамі ззялі,

Вы ў нясцерпнай дрымоце

Зліпаліся, ночы.

I ўсё ж усміхаліся нам,

Забаўлялі...

 

Рукі маці!

Вы ў працы не зналі прынукі,

Вы насілі штогод

Мазалі, як бабіны,

Вы аж нылі увечары,

Мілыя рукі,

Спавіваючы нас

Перад сном галубіным.

 

Сэрца маці!

Наш боль быў тваім,

He іначай,

Сорам наш

Ты насіла вялізарным горам,

Кропля ж кожная

Радасці светлай дзіцячай

Напаўняла цябе,

Разлівалася морам...

 

А цяпер ёй —

Адно б на сынка наглядзецца...

Жаль, і горыч, і боль

Мне душу працінае:

Як жа позна,

Як позна — любімыя дзеці —

Мы няўдзячнасць сваю

Разумець пачынаем...

***

МІКОЛА ЛЯШЧУН

ЛЮБЛЮ ЛАГОЙСК

Люблю Лагойск, калі ён сніць

Блакітны сон пад спелай поўняй,

Люблю, як парк яго шуміць

І шэпча Гайне штось чароўнай.

Яны разважна, па-старэчы

Апавядаюць наваколлю

Пра даўніну, расстанні, стрэчы...

Люблю Лагойск на золку болей!

Люблю з Паненскае гары

Абняць вачмі абсяг бясконцы.

Ўдыхнуць паветра у бары.

Адчуць, як елкі будзіць сонца.

Люблю, як чырванню заранак

Спачылую ўбярэ зямлю,

Як росны, ядраны світанак

Ўручае позву новадню.

Як залацеюць ярка знічкі,

І стол прыгожыць бохан жытны,

Люблю лагойскія крынічкі...

Люблю Лагойск наш старажытны!