Новости
Рыхтуйце слоікі – сок пайшоў!
главное
1499 дня(-ей) назад
2
4

У Лагойскім лясгасе пачалася нарыхтоўка бярозавага соку. Пакуль лясніцтвы прадаюць яго не кожны дзень, што звязана з няўстойлівым надвор’ем: хоць дзённыя тэмпературы даволі высокія, аднак уначы ўсё яшчэ падмарожвае. Магчыма, на выхадных будзе працяглы перапынак ў соканарыхтоўцы ў сувязі з прагнозам сіноптыкаў, якія абяцаюць неслабы «мінус».

У любым выпадку можна звяртацца па тэлефонах, указаных на сайтах Лагойскага лясгаса, каб даведацца пра дні, у якія будзе арганізавана рэалізацыя соку.

Напрыклад, у Лагойскім лясніцтве нам паведамілі, што бярозавік прывязуць з лесу заўтра, 19 сакавіка. Яго можна будзе купіць прама на тэрыторыі лясніцтва па 25 капеек за 1 літр у тару пакупніка і па 2 рублі ў тару прадаўца аб’ёмам 5 літраў.

Па такіх жа коштах сок прадаецца ў Сямкоўскім, Казырскім і Плешчаніцкім лясніцтвах. Перыяд яго нарыхтоўкі будзе залежаць ад умоў надвор’я.

Алена Масцерава. Фота аўтара.